Капітан БАТЭ і галоўны трэнер «Дынама-Брэст» дыскваліфікаваныя да канца сезона



Адбылося пасяджэнне дысцыплінарнага камітэта АБФФ, па выніках якога стала вядома пакаранне для капітана БАТЭ паўабаронцы Ігара Стасевіча і галоўнага трэнера берасцейскага «Дынама» Сяргея Кавальчука. Аб гэтым паведамляецца на сайце федэрацыі футбола.

Футбаліст дыскваліфікаваны на два матчы і аштрафаваны на 30 базавых велічыняў (ці 810 рублёў). Такім чынам, Стасевіч не згуляе ў гэтым сезоне, так як да яго заканчэння засталося два туры. Футбаліст пасля фінальнага свістка матчу супраць «Шахцёра» 7 лістапада атрымаў чырвоную картку ў падтрыбунным памяшканні. У пратаколе матчы было запісана: «Пасля заканчэння матчу непрыстойныя паводзіны (абразлівыя) выразы (жэсты) у адрас суперніка, партнёра па камандзе, суддзяў (уключаючы чацвёртага суддзю), афіцыйных асобаў і гледачоў». У гэтым сезоне вышэйшай лігі хаўбек правёў у складзе „жоўта-сініх” 23 гульні, забіў шэсць мячоў і аддаў 11 выніковых перадач.

На такую ж суму (810 рублёў) аштрафаваны галоўны трэнер берасцейскага «Дынама» Сяргей Кавальчук. Пры гэтым ён прапусціць наступныя тры матчы (у тым ліку матч першага тура ў наступным сезоне). Ён абвінавачаны ў парушэньні артыкула 70-4 ДК АБФФ «Спроба аказання фізічнага ўздзеяння на афіцыйную асобу матча да, падчас і пасля матчу».

Зборная Беларусі „усухую” саступіла партугальцам

Маладзёжная зборная Беларусі па футболе пацярпела паразу ад аднагодкаў з Партугаліі ў матчы кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2021 года з лікам 0:3. На 3-й хвіліне гульні мяч у сваю браму адправіў Дзмітры Прышчэпа, яшчэ два галы партугальцы забілі на 19-й і 90-й хвіліне з пенальці. Пасля 8 матчаў беларусы маюць 8 ачкоў і знаходзяцца на 4-м месцы ў турнірнай табліцы. Лідыруюць зборныя Нідэрландаў і Партугаліі, у Нарвегіі, якая ідзе трэцяй, на 2 ачкі больш чым у беларусаў.

Футбалісты Паўночнай Македоніі ўпершыню прабіліся ў фінал чэмпіянату Еўропы

Футбалісты зборнай Паўночнай Македоніі ўпершыню прабіліся ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы, абыграўшы ў гасцях каманду Грузіі – 1:0. На 56-й хвіліне гульні капітан паўночнмакедонцаў Горан Пандзеў забіў адзіны гол у гэтай сустрэчы. У Будапешце зборная Вугоршчыны абыграла каманду Ісландыі 2:1, дзякуючы голу ў кампенсаваны час  Дамініка Сабаслаі. Вугорцы трапяць у групу F, дзе іх чакаюць чэмпіён свету Францыя, чэмпіён Еўропы Партугалія і адна з наймацнейшых каманды планеты Нямеччына.

Арына Сабаленка выйшла ў 1/4 фіналу турніру ў Лінцы

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка, якая мае 11-ы нумар сусветнага рэйтынгу, стала чвэрцьфіналісткай турніру ў аўстрыйскім Лінцы з прызавым фондам  202 тысячы даляраў.  У 1/8 фіналу беларуска ўпэўнена перайграла ў двух сэтах швейцарку Штэфані Фегеле – 6:0, 6:3. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 8 хвілін. У матчы за выхад у паўфінал Сабаленка сустрэнецца з прадстаўніцай Францыі 115-й ракеткай планеты Осеан Додэн.

Беларусы занялі чацвёртае месца на ЧЕ па веласпорце на трэку

Беларусы занялі чацвёртае месца на чэмпіянаце Еўропы па веласпорце на трэку ў каманднай гонцы пераследу. У малым фінале за бронзу Міхаіл Шэмета, Раман Цішкоў, Яўген Каралёк і Дзяніс Мазур не змаглі абагнаць апанентаў са Швейцарыі. У заездзе, які вырашаў лёс залатых узнагарод, расейцы апярэдзілі квартэт з Італіі.

„Юнацтва” абыграла аршанскі „Лакаматыў” у матчы чэмпіянату Беларусі

Хакеісты менскага „Юнацтва” абыгралі аршанскі „Лакаматыў ” у матчы чэмпіянату Беларусі. Сустрэча на „Чыжоўка-Арэне” завяршылася на карысць гаспадароў лёду з лікам 3:1. Хакеісты „Гомеля” абыгралі „Дынама-Маладзечна” 3:2.

Рэнэ Фазел і прэм’ер-міністр Латвіі выказалі занепакоенасць уплывам COVID-19 на падрыхтоўку да Чэмпіяната свету па хакеі

Прэм’ер-міністр Латвіі Крыш’яніс Карыньш разам з прадстаўнікамі Латвійскай федэрацыі хакея правялі відэаканферэнцыю з кіраўніком Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазэлам. Бакі абмеркавалі пытанні арганізацыі чэмпіянату свету 2021, які павінны прыняць Менск і Рыга.

Падчас гутаркі кіраўнік урада Латвіі неаднаразова запэўніваў Фазэла ў сваёй падтрымцы Латвійскай федэрацыі хакея адносна арганізацыі чэмпіянату свету. Прэзідэнт федэрацыі падкрэсліў, што яго арганізацыя застаецца па-за палітыкай і спрабуе зрабіць усё магчымае, каб чэмпіянат свет прайшоў у Беларусі і Латвіі. Аднак Карыньш паказаў, што здольнасць забяспечыць бяспечныя ўмовы для гульцоў, удзельнікаў, СМІ, афіцыйных асобаў і заўзятараў з’яўляецца прыярытэтам, з чым Фазэл пагадзіўся.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя