У Беларусі зафіксаваны новы сутачны рэкорд выпадкаў COVID-19 — 1.167 хворых
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 111.622 (+1.167 за апошнія суткі), памерла 1.033 (+6) чалавекі, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
За суткі прырост новых выпадкаў каронавіруснай інфекцыі павялічыўся: 12 лістапада было зафіксавана 1.098 заражаных і пяць смерцяў.
Міністэрства адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 93.570 пацыентаў (627 за апошнія суткі).
Праведзена 2.814.373 тэсты на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 33.821.
Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ужо паўгода міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемстваў на гэтую тэму.
Для прадухілення распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку каранавіруса COVID-19, з 14 лістапада абавязковы масачны рэжым уводзіцца ў Гародні і Берасці. Маскі зараз павінны насіць не толькі работнікі, але і наведвальнікі ўсіх без выключэння аб’ектаў. Нашэнне маскі таксама абавязковае ў грамадскім транспарце, уключаючы таксі, у тым ліку маршрутныя.
Раней у мэтах прафілактыкі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі масачны рэжым быў уведзены ў Мінску, Магілёве, Бабруйску, Дрыбінскім, Клімавіцкім, Клічаўскім, Краснапольскім, Крычаўскім і Чавускім раёнах (Магілёўская вобласць), Наваполацку, Полацкім, Мёрскім, Пастаўскім, Аршанскім і Шумілінскім раёнах (Віцебская вобласць), Лідскім і Астравецкім раёнах (Гарадзенская вобласць), а таксама на ўсёй тэрыторыі Гомельскай вобласці.
У Берасці па 10 снежня ўключна ўведзеная забарона на працу пасля 23.00 аб’ектаў грамадскага харчавання, дыскатэк, начных клубаў і іншых забаўляльных і ігральных устаноў, адмененае правядзенне выстаў, прэзентацый, кірмашоў і іншых мерапрыемстваў у закрытых памяшканнях.