У кватэры журналісткі Тамары Шчапёткінай адбыўся вобшук (абноўлена)



У праваабаронцы „Вясны” і журналісткі Тамары Шчапёткінай, якая супрацоўнічае з нашым радыё, у дом у Бярозе прыйшлі з вобшукам і канфіскавалі усю тэхніку. Невядомыя не прадставіліся і не пакінулі аніякіх дакументаў. Падставай жа для вобшуку, які цягнуўся каля 2 гадзін, назвалі, што Тамара Шчапёткіна нібіта з’яўляецца адміністратарам аднаго з мясцовых чатаў, у якім абражалі міліцыянтаў.

Тамару Шчапёткіну пасля вобшуку не затрымалі. Вось як яна расказала пра вобшук:

– Забралі ўсю тэхніку, забралі ўсе мае нататнікі, забралі два дыктафоны, забралі фотаапарат, забралі два ноўтбукі. Гэта быў агляд, але тым не менш лазілі, шукалі дакументы. Сказалі: вы адміністратар мясцовага чату, нам далажылі. І хату мясцовага міліцыянта размалявалі. І гэта берасцейскія ўжо падключыліся, шукаюць. Нібыта іх у чатах абражаюць. Нібыта я абражаю, як адміністратар.

Нядаўна ў адносінах да Тамары Шчапёткінай была спыненая крымінальная справа па артыкуле 188 (Паклёп) і 189 (Знявага) Крымінальнага кодэксу за адсутнасцю складу злачынства, паколькі не былі названыя прозвішчы і імёны тых, хто прыняў на свой кошт „знявагу і паклёп”.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя