Еўразвяз заяўляе пра гатоўнасць увесці дадатковыя санкцыі да ўладаў Беларусі
Еўрапейскі звяз гатовы ўвесці дадатковыя санкцыі ў дачыненні да адказных за гвалт і рэпрэсіі ў Беларусі, гаворыцца ў заяве, апублікаванай 13 лістапада на сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў у сувязі са смерцю Рамана Бандарэнкі.
Еўразвяз выказвае глыбокія спачуванні сям’і і блізкім загінулага беларуса. „12 лістапада 31-гадовы Раман Бандарэнка памёр пасля шматгадзіннай аперацыі ў бальніцы Мінска з-за сур’ёзных траўмаў, атрыманых, згодна з паведамленнямі, у выніку жорсткага абыходжання з боку апранутых у цывільнае міліцыянераў, — гаворыцца ў заяве. — Гэта абуральны і ганебны вынік дзеянняў беларускіх уладаў, якія не толькі наўпрост і гвалтоўна ажыццяўлялі рэпрэсіі супраць уласных грамадзян, але і стварылі асяроддзе, дзе могуць мець месца такое беззаконне і гвалт, ігнаруючы пры гэтым не толькі фундаментальныя правы і свабоды беларускага народа, але і грэбуючы жыццямі”.
Еўрапейскі звяз салідарны з усімі жыхарамі краіны, якія „пацярпелі ад дзеянняў беларускіх уладаў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня”.
„ЕЗ працягвае рашуча асуджаць гвалт, які прымяняецца беларускімі ўладамі супраць мірных дэманстрантаў, асоб, якія ўдзельнічаюць у прадэмакратычным руху, незалежных СМІ, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці або простых грамадзян Беларусі, — падкрэсліваецца ў заяве. — Мы чакаем, што ўлады спыняць гвалт і пераследы, неадкладна і безумоўна вызваляць усіх адвольна затрыманых асоб, уключаючы палітычных зняволеных, правядуць поўнае і празрыстае расследаванне ўсіх парушэнняў і злоўжыванняў у галіне правоў чалавека, а таксама прыцягнуць вінаватых да адказнасці”.
У заяве адзначаецца, што Еўразвяз ужо ўвёў санкцыі ў дачыненні да 55 асоб, адказных за рэпрэсіі і запалохванне, і гатовы ўвесці дадатковыя санкцыі.