Пра жыхара Плошчы Пераменаў, які загінуў за бел-чырвона-белы сцяг



У Беларусі зноў шматлюдныя акцыі салідарнасці, якія можна па маштабе параўнаць з тымі, якія праходзілі ў жніўні напярэдадні піку пратэстаў. І спрычыніліся да гэтага сілавікі, на якіх ляжыць адказнасць за жыццё 31-гадовага менчука Рамана Бандарэнкі. Больш за ўсё абураныя забойствам мірнага грамадзяніна жыхары сталіцы, якія тысячамі ўдзельнічаюць у ланцугах памяці ўздоўж галоўных вуліц горада. Але і рэгіёны, хоць гэта не так заўважна, у баку ад падзеі не засталіся. Па ўсёй Беларусі цягам 13 лістапада праходзяць акцыі ў памяць забітага.

Гісторыя Рамана Бандарэнкі вылучаецца на фоне ўсіх іншых выпадкаў, звязаных з гвалтоўнымі смерцямі пратэстоўцаў. Забойствы іншых беларусаў, якія пацярпелі за свае перакананні ў апошнія месяцы, адбываліся на акцыях пратэсту альбо ў звязку з імі яшчэ ў жніўні. У першыя дні пасля так званых выбараў.

Раман Бандарэнка загінуў праз тры месяцы пасля пачатку беларускай рэвалюцыі. Ён быў жыхаром знакамітага сталічнага двара, які за ўпартасць ягоных жыхароў набыў назву Плошча Перамен. Вось ужо тры месяцы, дзень за днём, жыхары Плошчы Перамен вывешчаюць нацыянальную сімволіку ў вокнах сваіх кватэраў, аднаўляюць пашкоджаны вандаламі мурал у гонар “дыджэяў перамен” і ладзяць мірныя сустрэчы суседзяў з дваровымі канцэртамі. Такая актыўнасць, вядома, не падабаецца сілавікам, якія ўсялякімі спосабамі імкнуцца пазбавіць гарадскую прастору знакаў, якія нагадваюць пра супраціў. Жыхары Плошчы Перамен сутыкнуліся неаднаразова з гвалтам людзей у балаклавах, некаторыя з абаронцаў муралу сядзяць у турме па відавочна сфабрыкаваных крымінальных справах. Раман Бандарэнка быў адным з грамадзянаў, які прымаў удзел у актыўнасцях насельніцтва Плошчы Перамен. На некаторых архіўных фотаздымках бачна, як ён, мастак паводле адукацыі, вучыць дзяцей маляванню…

У адзін з вечароў Раман, калі дазнаўся, што невядомыя ў масках зноў прыехалі зрываць бел-чырвона-белыя стужкі, не змог застацца дома. Ён пакінуў у дваровым чаце лаканічны допіс: “Я выходжу”. У двары, пасля непрацяглай штурханіны, яго выкралі людзі ў цывільным. Праз некалькі гадзін маладога чалавека даставілі ў адну з бальніц у стане комы.

Няма сумневу, асаблівая жорсткасць тых, хто збіваў бязвіннага хлопца, выкліканая яго службай у спецназе. Прычым не ў абы-якім, а ў частцы 3214, якая мела сумную славу праз пераслед апазіцыі. Што праўда, служба Рамана прыпала на “мірны” 2014 год, калі хлопцам-спецназаўцам не давялося запляміцца ў бруд палітычных рэпрэсій. Былы спецназавец, які перайшоў на бок народу, успрымаецца сілавікамі як вялікая пагроза.

Забойства Рамана Бандарэнкі выклікала эскалацыю канфлікту. Наўрад ці ў гэтым зацікаўленае кіраўніцтва краіны ў гэты момант, якое проста марыць, каб беларусы вярнуліся ў звыклы апатычны стан. Аднак гэтая сітуацыя рана ці позна павінна была здарыцца, паколькі закон у Беларусі перастаў працаваць. Можна сказаць, смерць гэтага чалавека выкліканая так званым эксцэсам выканаўцы. Сілавікі, якім дазволілі ўсё, заўчасна спыніцца не могуць. Нават на шкоду сваім гаспадарам. Але неабмежаваны гвалт – меч двухбаковавостры, які можа нанесці смяротную рану і тым, хто яго выняў з похваў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ