Агляд прэсы: ці будзе дабудаваны расейскі газаправод у Нямеччыну?



Амерыканская прэса абмяркоўвае жыццяздольнасць расейскага стратэгічна важнага для Крамля газаправода. У дакладзе Ватыкана гаворыцца пра тое, што Яна Паўла ІІ падманвалі. Хто і навошта?

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– Амерыканскі The Wall Street Journal піша: у завяршэнне свайго кіравання, калі Кангрэс яму не перашкодзіць, Дональд Трамп можа нанесці рашучы ўдар па адным з ключавых стратэгічных аб’ектаў Уладзіміра Пуціна. Гаворка ідзе пра «Паўночную плынь-2», гэта газаправод коштам у 11 мільярдаў даляраў, які ідзе з Расеі ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора. Адміністрацыя Трампа спрабавала выступаць супраць гэтага газаправода, каб абмежаваць уплыў Расеі на саюзнікаў ЗША. У мінулым месяцы Дзярждэпартамэнт зрабіў больш жорсткімі санкцыі, спрабуючы цалкам замарозіць праект. Масква спадзяецца, што пры адміністрацыі Байдэна зможа аднавіць будаўніцтва. Яна наважылася на гэты праект, бо ён значна ўзмоцніць залежнасць Заходняй Еўропы ад расейскага газу. Таксама гэта дапаможа Маскве прасунуцца да яе мэты ізаляваць усходнееўрапейскія краіны, такія як Украіна і Польшча, закрыўшы ім доступ да існуючых каналаў размеркавання энергарэсурсаў. Адміністрацыя Трампа пры падтрымцы Кангрэсу замарудзіла ажыццяўленне праекта. Швейцарская кампанія Allseas, якая займалася будаўніцтвам газаправода, спыніла працы ў канцы мінулага года, калі да завяршэння заставалася каля 100 міль. Калі Закон аб нацыянальнай абароне замацуе амерыканскія санкцыі супраць кампаній, якія ўдзельнічаюць у страхаванні або фінансаванні праекта, ён страціць жыццяздольнасць. У сферы энергетычнай палітыкі ЗША заўсёды справядліва патрабавалі ад Берліна ўзаемнасці. Залежнасць Нямеччыны ад расейскага газу аслабляе НАТА. Але Берлін адмовіўся пераглядаць сваё рашэнне па «Паўночнай плыні-2» нават пасля атручэнняў Сяргея Скрыпаля і Аляксея Навальнага. Падчас прэзідэнцтва Трампа некаторыя лібералы абвяшчалі канцлера Ангелу Меркель «лідарам вольнага свету», у той час як палітыка краіны ў дачыненні да «Паўночнай плыні-2» меркантылісцкая, а не маральная. Новая дэмакратычная адміністрацыя хоча ўсталяваць цеснае супрацоўніцтва з Заходняй Еўропай, але дзеля гэтага не варта аслабляць НАТА перад тварам Расеі. Кангрэс падтрымае амерыканскія і еўрапейскія стратэгічныя інтарэсы, калі прывядзе санкцыі супраць газаправоду да фінішнай прамой, адзначае The Wall Street Journal.

„Даклад, апублікаваны 10 лістапада Апостальскай Сталіцай, паказвае, што святы Ян Павел II быў падмануты ў пытанні былога кардынала МакКэрыка”, — заявіў арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі, старшыня польскага епіскапату ў камюніке, піша Interia.pl. „Да вылучэння МакКэрыка на службу ў Вашынгтон Папа не атрымліваў поўнай і праўдзівай інфармацыі ад амерыканскіх біскупаў пра яго маральныя паводзіны, а сам МакКэрык у лісце ад 6 жніўня 2000 года схлусіў, што ні з кім не меў сексуальных адносін”, — сказаў Познаньскі мітрапаліт. Ён падкрэсліў, што адказ Касцёла на даклад пра былога кардынала МакКэрыка — словы Папы Францішка з аўдыенцыі ў сераду (11 лістапада), падчас якой Папа запэўніў яго ў сваёй блізкасці да ахвяр любой эксплуатацыі і падкрэсліў неабходнасць выкаранення гэтага зла з Касцёла.

„Справа былога кардынала МакКэрыка таксама шкодная для святога Яна Паўла ІІ, якога ён цынічна падмануў”, — падкрэсліў прэзідэнт польскага епіскапату. Па просьбе Папы Дзяржсакратарыят Апостальскай Сталіцы падрыхтаваў і апублікаваў 10 лістапада 400-старонкавы даклад аб ведах, якія Ватыкан меў у справе 90-гадовага былога кардынала ЗША Тэадора МакКэрыка, якога абвінавачваюць у прыставанні да непаўналетніх і дарослых мужчынаў. Дакумент ствараўся два гады на аснове матэрыялаў розных ведамстваў і 90 прадстаўленых справаздач.

У дакладзе падкрэсліваецца, што амерыканскі саноўнік быў узведзены ў наступныя пасады з 1977 года, гэта значыць у часы Паўла VI, паколькі Святы Пасад не ведаў пра здзекі, якія ён здзяйсняў, і дзейнічаў на падставе няпоўнай інфармацыі да ключавога прызначэння арцыбіскупам Вашынгтона.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: teleskop-by.org