Вясна ў Залессі



У Залессі на Смаргоншчыне ёсць не толькі маёнтак М. К. Агінскага, але і іншыя цікавінкі…

Калісьці гэты стары драўляны будынак належаў аптэкару – спадару Блусю. Цяпер у доме побач з чыгункай размяшчаецца залескі Дом рамёстваў. Цікавасць да ткацтва, вышыванак, выцінанак, ганчарства ды іншых этна-“рэчаў” з боку дзяржавы – вымушаны крок. У рэшце рэшт, ёсць такія-сякія турысты – і ім трэба нешта паказаць, расказаць і грошай зарабіць… Не без таго… Грошы патрэбны і дзяржаве, і народным майстрам. І гэта нармалёва.

Крок насустрач народным майстрам – крок разумны насамрэч і ўзаемавыгадны.  Да таго ж гісторыя і сучаснасць падчас сутыкаюцца – атрымліваецца цікавы мікс. Аказваецца, можна ткаць паясы ў 21 стагоддзі – і гэта будзе запатрабавана. Прыгожа і таленавіта. Як і вязанне, саломапляценне, ганчарства… Салома ўвогуле – беларуская “фішачка”, гэты матэрыял падкрэслівае тое, што прыгажосць – паўсюль, яна літаральна пад нагамі. Можна растаптаць, адкінуць,  не заўважыць, а можна сабраць, апрацаваць і атрымаць сапраўдны шэдэўр колеру сонейка. Можа, салома паказвае, што беларусы ў глыбіні сваёй глыбокай – аптымісты?

Падчас крыўдна, што выпадковыя (і невыпадковыя) мінакі не бачаць схаваных магчымасцей сціплай хаткі, якая даўно ўжо патрабуе нясціплага рамонту… У новага дырэктара Дома рамёстваў Таццяны Горбач з’явілася цікавая ідэя. Гэта не дапаможа зрабіць добры рамонт, затое дапаможа “гаспадыням” дома Таццяне Горбач, Ніне Кенько і Наталлі Логач паказаць свае таленты не толькі далёкім гарадам і мястэчкам на кірмашах і дажынках (Гародня, Слонім, Гальшаны, літоўскі Алітус…), але і жыхарам ды гасцям Залесся. Майстар-класы на свежым паветры. Сустрэчы з цікавымі людзьмі (яны ж сустракаюцца час ад часу на гэтай зямлі!) А пакуль Дом рамёстваў у Залессі запрашае дзяцей і дарослых ў госці – вучыцца ствараць прыгожыя рэчы разам.

Тым часам у канцэртнай зале музея-сядзібы ў Залессі ў сакавіку адбудзецца чарговы канцэрт. Імпрэза пройдзе ў рамках юбілейнага цыкла канцэртаў „Год Агінскага”.

Хочацца верыць, што вясна прыйдзе і затрымаецца крышачку на гэтай зямлі. Чарговыя ружовыя акуляры яшчэ аднаго рамантыка? Усё магчыма. Проста ён стаміўся ад цяжкіх навінаў вялікіх гарадоў. Перадоз, спадарства! Так бывае.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ