У Віцебску людзі ўсё ідуць да імправізаванага мемарыяла Раману Бандарэнку
Плынь мясцовых жыхароў не спыняецца нават у цемры. Пранеслася чутка, што імправізаваны мемарыял – фотаздымкі, свечкі, кветкі – знішчаны.
На справе высветлілася, што ўсё на месцы, аднак людзі вырашылі не пакідаць без нагляду знакі памяці. Нехта запальвае свечкі, якія хутка згасаюць на ветры, а нехта прыходзіць сюды з кветкамі і доўга стаіць у маўчанні.
За людзьмі, якія прыйшлі аддаць даніну памяці Раману Бандарэнку, пільна назіраюць міліцыянты. Яны стаяць на ўзвышку і ўглядаюцца ў тое, што робіцца каля помніка воінам-„афганцам” – менавіта тут, ля падножжа скульптуры пад назовам “Боль”, ствараецца імправізаваны мемарыял. Міліцыянты ў цывільным вартуюць усе падыходы да помніка. Непадалёк прыпаркаваны міліцэйскія аўто і некалькі “бусікаў”, у якія звычайна забіраюць затрыманых. Супрацоўнікі ДАІ дзяжураць на ўсіх пад’ездах да помніка, які месціцца на скрыжаванні вуліцы Чкалава і вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Але пакуль прэтэнзій да жыхароў Віцебска супрацоўнікі міліцыі не выказваюць.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск