У Беларусі працягваецца сутачны рост выпадкаў COVID-19 — 1.248 хворых



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 112.870 (+1.248 за апошнія суткі), памерла 1.039 (+6) чалавек, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

За суткі прырост новых выпадкаў каронавіруснай інфекцыі павялічыўся: 13 лістапада было зафіксавана 1.167 заражаных і шэсць смерцяў.

Міністэрства адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 94.337 пацыентаў (767 за апошнія суткі).

Праведзена 2.847.856 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 33.483.

Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ужо паўгода міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемстваў на гэтую тэму.

Для прадухілення распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку каронавіруса COVID-19, з 14 лістапада абавязковы масачны рэжым уводзіцца ў Гародні і Берасці. Маскі цяпер павінны апранаць не толькі работнікі, але і наведвальнікі ўсіх без выключэння аб’ектаў. Нашэнне маскі таксама абавязковае ў грамадскім транспарце, уключаючы таксі, у тым ліку маршрутныя.

Раней у мэтах прафілактыкі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі масачны рэжым быў уведзены ў Мінску, Магілёве, Бабруйску, Дрыбінскім, Клімавіцкім, Клічаўскім, Краснапольскім, Крычаўскім і Чавускім раёнах (Магілёўская вобласць), Наваполацку, Полацкім, Мёрскім, Пастаўскім, Аршанскім і Шумілінскім раёнах (Віцебская вобласць), Лідскім і Астравецкім раёнах (Гарадзенская вобласць), а таксама на ўсёй тэрыторыі Гомельскай вобласці.

У Берасці па 10 снежня ўключна ўведзеная забарона на працу пасля 23.00 аб’ектаў грамадскага харчавання, дыскатэк, начных клубаў і іншых забаўляльных і ігральных устаноў, адмененае правядзенне выстаў, прэзентацый, кірмашоў і іншых мерапрыемстваў у закрытых памяшканнях.

belapan.by