ВУП Беларусі за студзень-кастрычнік скараціўся на 1,1%



За студзень—кастрычнік валавы ўнутраны прадукт знізіўся на 1,1% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, гаворыцца ў прывітальным слове міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова, які адрасаваны дзелавой супольнасці з нагоды адкрыцця Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва 16 лістапада.

„Эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце змяніла планы развіцця дзяржаў. Спад эканамічнай актыўнасці — гэта рэальнасць, з якой сутыкнулася не толькі наша краіна, але і ўвесь свет. Пандэмія паставіла на мяжу выжывання многія прадпрыемствы і галіны эканомікі, асабліва ў малым і сярэднім прадпрымальніцтве, сутыкнула бізнес-менеджмент з нявызначанасцю ў выбары кірункаў інвеставання”, — заявіў Чарвякоў.

На яго думку, дзякуючы рашэнню „не закрывацца” ва ўмовах пандэміі, якое прынялі беларускія ўлады, „удалося прыкметна змякчыць наступствы эпідэміі для нашых прадпрыемстваў і ў цэлым для эканомікі”.

„Яе спад апынуўся меншым, чым у нашых асноўных эканамічных партнёраў. Пачынаючы з ліпеня, штомесячная дынаміка ВУП стала аднаўленчай. За чатыры месяцы індэкс дадаў 0,7 працэнтнага пункта і ў кастрычніку склаў 98,9%”, — сказаў Чарвякоў.

Ён мяркуе, што па выніках года ВУП будзе на ўзроўні мінулага года.

„Нягледзячы на штучна створаныя шокі на фінансавым рынку захаваная макрасбалансаванасць. Эканоміка працягне аднаўляцца і па выніках працы наблізіцца да ўзроўню мінулага года”, — падкрэсліў Чарвякоў.

Нагадаем, прагнозы МВФ, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, а таксама Сусветнага банка прадугледжваюць, што беларуская эканоміка ў 2020 годзе скароціцца на 3-4% у параўнанні з мінулым годам.

Між тым урад разлічвае, што пры спрыяльных абставінах ВУП Беларусі ў 2020 годзе не знізіцца ў параўнанні з мінулым годам.

„Вядома, задача выйсці на такі рост эканомікі дастаткова напружаная, неабходна адшукаць дадатковыя рэсурсы. На фоне падзення эканомік нашых суседзяў дзе на 4%, дзе на 5%, а дзе і на 9%, утрымаць тэмп у 100%, вядома, складана, але выканальна пры спрыяльным збегу абставінаў. Урад настроены гэтую задачу выканаць”, — заявіў 2 лістапада вузкаму колу журналістаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, якога цытавала прэс-служба ўрада.

belapan.by