Цела пакуль не аддаюць
“Цела пакуль не аддаюць”. Сям’я Рамана Бандарэнкі распавяла, што адбываецца. Трагічнай гібеллю 31-гадовага Рамана Бандарэнкі зараз займаецца Генеральная пракуратура.
Раніцай сям’я паехала ў ведамства, каб атрымаць дазвол на выдачу цела, але на прыём не змагла трапіць. З мамай Рамана таксама ніхто не звязваўся, піша Tut.by.
— Мама Рамана сёння двойчы прыязджала ў Генеральную пракуратуру. А 9-й раніцы дзяжурны сказаў прыязджаць а 11.00, потым сказалі чакаць адказу і звяртацца пазней, — распавяла Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі.
Увечары 12 лістапада збіты малады чалавек памёр у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.
Дактары напярэдадні сказалі родным: у Рамана шанец выжыць адзін з тысячы. Блізкія Рамана распавядаюць, што адзін з рытуальных залаў прапанаваў ім свае паслугі, а потым сказаў: «Мы вымушаныя вам адмовіць». Канкрэтных прычын не патлумачылі.
Незалежныя праваабарончыя арганізацыі Беларусі сёння зрабілі супольную заяву з нагоды смерці Рамана Бандарэнкі. Яны лічаць, што да злачынства датычныя ўлады, а ўчынілі яго з вялікай ступенню верагоднасці супрацоўнікі МУС.
Беларускае Радыё Рацыя