Святлана Ціханоўская абмеркавала з пасламі замежных дзяржаў новыя санкцыі



Святлана Ціханоўская ў адказ на эскалацыю гвалту ў Беларусі абмеркавала з пасламі замежных дзяржаў новыя санкцыі. Сёння, 16 лістапада, Святлана Ціханоўская сустрэлася з пасламі Даніі, Нарвегіі, Фінляндыі, Нідэрландаў, Швецыі, Канады, Ірландыі і прадстаўніком Паўночнага савета, каб абмеркаваць падзеі мінулых выходных, паведамляе яе тэлеграм-канал.

Святлана заявіла, што сітуацыя патрабуе рашучых дзеянняў: прыйшоў час эканамічных санкцый супраць дзяржпрадпрыемстваў і фірмаў, звязаных з Лукашэнкам, прыпынення праграм фінансавага развіцця, якія ідуць праз дзяржаву, прыпынення супрацы з дзяржбанкамі – у прыватнасці, з „Беларусьбанкам” і „Белаграпрамбанкам”. Таксама абмяркоўвалася абмежаванне на закупку нафтапрадуктаў з Беларусі і іншай прадукцыі дзяржпрадпрыемстваў. Усе гэтыя меры звязаныя з відавочнай эскалацыяй гвалту з боку рэжыму.

Чакаецца, што ўжо на гэтым тыдні краіны ЕЗ увядуць новы пакет індывідуальных санкцый і абмяркуюць увядзенне эканамічных санкцый.

Паслы на сустрэчы распавялі, што іх краіны ўжо аказваюць і пашыраюць дапамогу беларускім журналістам, сем’ям палітвязняў, актывістам, рабочым і студэнтам. Таксама паслы падтрымалі ініцыяцыю міжнароднага расследавання злачынстваў супраць народа Беларусі ў рамках універсальнай юрысдыкцыі.

Святлана Ціханоўская заявіла, што пасля сыходу Лукашэнкі Беларусь далучыцца да Міжнароднага крымінальнага суду, які займаецца справамі аб генацыдзе, ваеннымі злачынствамі і злачынствамі супраць чалавечнасці. Гэта дасць гарантыю незалежнага і непрадузятага судовага працэсу над памагатымі рэжыму і не дазволіць ім пазбегнуць пакарання.

Таксама Святлана заклікала дыпламатаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, да больш актыўных дзеянняў на акцыях пратэсту, бо іх прысутнасць засцерагае людзей ад неапраўданага гвалту з боку рэжыму.