Абшукалі кватэру Віктара Клімуса



У панядзелак вечарам берасцейскі грамадскі актывіст Віктар Клімус распаўсюдзіў у інтэрнэце інфармацыю пра тое, што ў ягоную кватэру спрабуюць трапіць невядомыя.

На момант здарэння ў памяшканні знаходзілася толькі ягоная жонка і дзеці, таму актывіст заклікаў неабыякавых берасцейцаў туды падысці, каб у выпадку чаго быць сведкамі:

– Пад пад’ездам сабралася міліцыя, прыгналі пажарную машыну, пастаянна з кімсьці перамаўляюцца па рацыі, ломяцца ў дзверы, грукаюць, пагражаюць, што будуць ламаць. 

Праз некаторы час асобам у форме МУС РБ удалося трапіць у кватэру і пачаць вобшук. Да гэтага моманту каля кватэры ўжо паспела сабрацца „група падтрымкі” Віктара Клімуса:

– Заехалі да Клімуса, людзей сабралася чалавек 15-20. Выклікалі адваката, знайшлі ў натоўпе тэлефон нармальнага адваката, яна зайшла і ўсё там пачалося.

Стала вядома што ў выніку ператрусу кватэры Клімусаў канфіскавалі камп’ютар і два сцягі. У межах якой справы, пакуль не вядома.

Віктар Клімус — кіраўнік культурніцкай пляцоўкі „Грунтоўня”, якую закрылі пасля выбараў і грамадска-палітычны актывіст з Берасця. Удзельнік акцыяў пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце