У Чэхіі заснавалі Амбасаду незалежнай беларускай культуры



Цэнтр эксперыментальнага тэатра (ЦЭТ) у Брне (Чэхія), да якога належаць тэатры „Гусь на канаце” (Husa na provázku), HaDivadlo і тэатральная платформа Terén, засноўваюць у горадзе Амбасаду незалежнай беларускай культуры ў Чэшскай Рэспубліцы.

Як паведамляецца на сайце Беларускага ПЭН-цэнтра, адкрыццё амбасады сімвалічна прызначанае на 17 лістапада, калі ў Чэхіі святкуецца Дзень барацьбы за свабоду і дэмакратыю.

„Сэнс заснавання амбасады — папулярызацыя беларускай незалежнай культуры, якая цяпер у Беларусі знаходзіцца пад значным уціскам, — адзначаецца ў паведамленні. — У той жа час амбасада будзе спрыяць таму, каб жыхары Чэхіі мелі лепшы доступ да інфармацыі аб актуальных падзеях у Беларусі”.

ЦЭТ лічыць стварэнне такога моста значным і важным. Пры гэтым падкрэслівае, што амбасада не мае палітычнага фармату, гэта культурніцкі праект, скіраваны на незалежную і свабодную беларускую культуру і яе праявы „ва ўсёй шырыні і разнастайнасці”.

Дырэктар ЦЭТ Міраслаў Ошчатка распавёў: „Мы пастанавілі пры нашых тэатрах у Брне ўвесці пасаду амбасадара незалежнай беларускай культуры ў Чэшскай Рэспубліцы. У наступныя тыдні і месяцы гэты чалавек будзе ладзіць не толькі сустрэчы ці лекцыі аб беларускай культуры, але таксама выпрацоўваць рэгулярны агляд важных грамадска-культурных падзей у Беларусі, які будзе шырока рассылацца СМІ і культурным установам Чэшскай Рэспублікі. На пасаду амбасадара мы выбралі Сяргея Сматрычэнку, які ўжо нямала гадоў у значнай ступені спрыяе ўзаемапазнанню чэшскай і беларускай культур”.

Сяргей Сматрычэнка — сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, перакладчык, рэдактар, кіраўнік кніжнай серыі „Чэшская калекцыя” (выдавецтва „Логвінаў”), ініцыятар і каардынатар шматлікіх літаратурных конкурсаў і праектаў. Апрача беларускага грамадзянства Сматрычэнка мае і чэшскае, у цяперашні час ён з сям`ёй жыве ў Брне.

„Я адчуваю, што чэшская культурна-мастацкая сцэна мае ахвоту і гатоўнасць падтрымаць беларускіх калег і ўсё беларускае грамадства ў часе іх змагання і за творчую свабоду, і ў змаганні за звычайнае выжыванне. Мы б толькі хацелі дадаць гэтай гатоўнасці імпульс і патрэбны кірунак. У той жа час неаспрэчна тое, што беларуская культура, насуперак ці часам і дзякуючы складанасцям, мае што прапанаваць чэшскай публіцы”, — сказаў Сматрычэнка.

Цэнтр эксперыментальнага тэатра і Амбасада незалежнай беларускай культуры ў Чэшскай Рэспубліцы падтрымліваюць кантакт з сябрамі Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі. Праект амбасады фінансава падтрымлівае і мэрыя Брна.

Таксама ў дзень адкрыцця амбасады распачынаецца праект, у рамках якога вядомыя дзеячы чэшскага культурнага і грамадскага жыцця пішуць лісты беларускім палітычным вязням. „З тысяч людзей, якія ў Беларусі былі затрыманыя ці ўвязненыя ў сувязі з пратэстамі супраць нелегітымных выбараў прэзідэнта ў 2020 года, мы выбралі адзінаццаць асобаў, якіх хочам падбадзёрыць і даць ім сігнал, што іх намаганні і лёс нам не абыякавыя. Таму мы звярнуліся да вядомых чэшскіх (і не толькі) дзеячоў грамадскага і культурнага жыцця, каб яны напісалі беларускім вязням ліст”, — адзначыў Сматрычэнка.

Яны напісалі лісты палітвязням: Мікалаю Статкевічу, Сяргею Ціханоўскаму, Максіму Знаку, Марыі Бабовіч, Паўлу Севярынцу, Марыі Калеснікавай, Аляксандру Васілевічу, Сцяпану Латыпаву, Марфе Рабковай, Віктару Бабарыку, Марыне Глазавай.

Лісты былі напісаныя па-чэшску і перакладзеныя на беларускую і англійскую мовы і дасланыя ўсім адрасатам у беларускія турмы.

belapan.by