Лукашэнка пазбавіў грашовага ўтрымання нязгодных дыпламатаў
Аляксандр Лукашэнка сваім указам адмовіў у штомесячным грашовым утрыманні асобам, пазбаўленым дыпламатычнага рангу. Адпаведны ўказ № 414 ад 16 лістапада апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набудзе моц 18 лістапада.
Дакументам уносяцца змены ва ўказ „Аб штомесячным грашовым утрыманні асобных катэгорый дзяржаўных служачых”, які прадугледжвае выплату спецыяльнага грашовага ўтрымання замест пенсіі для вышэйшых дзяржчыноўнікаў. Яно можа складаць ад 65 да 75% ад зарплаты.
Цяпер у лік дзяржслужачых, якім належыць выплата, не будуць уключацца, акрамя парушальнікаў закона або тых, хто дыскрэдытаваў сябе на службе, асобы, „пазбаўленыя класнага чыну, кваліфікацыйнага класа, дыпламатычнага рангу, персанальнага звання, воінскага (спецыяльнага) звання”.
Лукашэнка таксама зможа прыняць асобнае рашэнне аб адмове ў выплаце штомесячнага грашовага забеспячэння.
Таксама выплаты спыняюцца ў сувязі са смерцю дзяржслужачага.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў і ў перыяд масавых пратэстаў у краіне Лукашэнка пазбавіў дыпламатычнага рангу шэраг чыноўнікаў, якія не згодныя з палітыкай уладаў. Сярод іх Павел Латушка, Ігар Ляшчэня, Васіль Марковіч, Уладзімір Астапенка, Павел Пуставой.