Пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі
Прадстаўніцтва ЕЗ, пасольства Вялікабрытаніі, Швейцарыі і ЗША выступілі з сумеснай заявай у сувязі з пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
„Мы асуджаем пашырэнне прымянення гвалту і парушэння правоў чалавека і грамадзянскіх правоў у Беларусі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. Колькасць затрыманняў мірных дэманстрантаў набліжаецца да 30.000. Колькасць палітычна матываваных крымінальных спраў набліжаецца да 900. Спіс палітычных зняволеных працягвае пашырацца і налічвае больш за 100 імёнаў”, — адзначаецца ў заяве.
Акрамя таго, „няма ўказанняў на тое, што ўлады расследуюць тысячы заяў аб жорсткасці з боку сілавых структур, пададзеных з сярэдзіны жніўня, або забойствы пратэстоўцаў, у тым ліку зусім нядаўняе забойства Рамана Бандарэнкі”.
„Складваецца ўражанне, што ніводная прафесійная або сацыяльная група ў Беларусі не пазбегла няспынных дзеянняў з боку ўладаў Беларусі па задушэнні пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў, жорсткасці сілавых структур і палітычна матываваных рэпрэсій. Ціск на медыцынскія, акадэмічныя і медыйныя супольнасці з’яўляецца асабліва жорсткім”, — канстатуюць аўтары заявы.
„Да гэтага часу ўлады Беларусі адказвалі на нашы сумесныя дыпламатычныя намаганні выгнаннем і запалохваннем нашых калегаў”, — адзначаюць прадстаўніцтва ЕЗ і пасольствы. Яны прапануюць уладам паўторна разгледзець іх неаднаразовыя запыты аб доступе да палітычных зняволеных і пенітэнцыярных устаноў, каб мець магчымасць праверыць паведамленні аб непрымальных умовах утрымання ў турмах і бесчалавечным абыходжанні з затрыманымі і зняволенымі.
„Спасылаючыся на нашы папярэднія заявы, мы заклікаем улады Беларусі неадкладна спыніць невыбіральны гвалт у адносінах да ўласнага народа і вызваліць усіх несправядліва затрыманых. Мы настойліва заклікаем улады выконваць і паважаць правы чалавека і фундаментальныя свабоды беларускага народа. Мы працягнем гучна і адкрыта рэагаваць на пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека. Не можа быць нармалізацыі стасункаў з рэжымам, які жорстка душыць свой уласны народ”, — падкрэсліваецца ў заяве.
Заходнія дыпламаты „гатовыя аказваць падтрымку і спрыяць інклюзіўнаму нацыянальнаму дыялогу ў Беларусі з мэтай устойлівага вырашэння гэтага крызісу, захоўваючы суверэнітэт і незалежнасць Беларусі і спрыяючы яе бяспечнай, дэмакратычнай і шчаслівай будучыні”.
17 лістапада ўлады Беларусі абвясцілі аб санкцыях у адказ у дачыненні да Еўразвязу і Канады. Сярод іх спыненне дыялогу з ЕЗ аб правах чалавека.