У незалежнай журналісткі Шчыраковай на мяжы канфіскаваны ноўтбук
У гомельскай незалежнай журналісткі Ларысы Шчыраковай у пункце пропуску „Новая Гута” на ўкраінска-беларускай мяжы правялі надгляд рэчаў і канфіскавалі ноўтбук. Журналістка вярталася з адпачынку.
Экспертыза будзе доўжыцца 20 дзён. „Хочуць пакапацца ў маім ноўтбуку. Магчыма, кампрамат знайсці. Мытнік мне растлумачыў, што існуюць нейкія індыкатары, але я не абавязаная ведаць на памяць Мытны кодэкс. Хіба ва ўсіх грамадзян на мяжы адбіраюць ноўтбукі? Ідзе паляванне на незалежных журналістаў у Беларусі, спалучанае з псіхалагічным націскам”, — заявіла БелаПАН Шчыракова.
За час прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і падчас актыўных пратэстаў грамадзян журналістку неаднаразова затрымлівала міліцыя. Яе абвінавачвалі альбо ва ўдзеле ў пратэстных акцыях і штрафавалі, альбо ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ (супрацоўніцтва з тэлеканалам „Белсат”, якому беларускае МЗС адмаўляе ў акрэдытацыі).