Агляд прэсы: ці даціснуць страйкі дыктатара?



Страйкі на беларускіх прадпрыемствах могуць дабіць дыктатара. На Барбадасе адмовіліся ад помніка каланіяльнай спадчыны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

ПС: „Лукашэнка рыхтуецца да эканамічнай зімы незадаволенасці” — пад такім загалоўкам выходзіць артыкул на Deutsche Welle. Сёлета тэмпы беларускай эканомікі павінны знізіцца на 2%, адносна моцную лічбу, улічваючы наступствы пандэміі COVID-19 і залежнасць краіны ад нізкіх коштаў на нафту. Але эксперты чакаюць, што ў пачатку 2021 года рэальны эканамічны эфект пастаянных антыўрадавых акцый пратэсту будзе зафіксаваны ў замарожаных інвестыцыях, падзенні курсу, магчымым дэфолце і пустой дзяржаўнай скарбонцы. „Аўтарытарная сістэма была ўсяго ў некалькіх кроках ад свайго распаду”, — кажа Павел Слюнкін з Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах (ECFR). „Аднак ім удалося справіцца з першай хваляй грамадскай незадаволенасці і выжыць дзякуючы спалучэнню гвалту, пагроз і звальненняў”, — дадаў ён. Рабочых палохаюць крымінальнымі справамі за незаконныя забастоўкі, якія могуць прадстаўляць „велізарную пагрозу для трываласці сістэмы, бо пралетарыят заўсёды лічыўся сацыяльнай базай для ўладаў”. Адзін з лідараў апазіцыі Святлана Ціханоўская заклікала да ўсеагульнага страйку 26 кастрычніка. Але карціна на месцах неадназначная, бо Лукашэнка гуляе ў „падзяляй і ўладар”, фактычна выкупляючы выбраных рабочых і заводы. Улады таксама засяродзілі ўвагу на тым, каб сарваць намаганні апазіцыі па правядзенні забастовак на дзяржаўных заводах, арыштоўваючы арганізатараў і пагражаючы рабочым звальненнем. Праз дзяржаўныя СМІ ўрад прынізіў уплыў забастовак, у кастрычніку міністр прамысловасці Пётр Пархомчык заявіў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання, што „яны не нанеслі эканамічнай шкоды”. Павел Слюнкін з Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах звяртае ўвагу на тое, што нядаўна забастоўкі абвясцілі і супрацоўнікі такіх прамысловых гігантаў, як МТЗ і БелАЗ, якія раней лічыліся бясспрэчнай выбарчай базай Лукашэнкі. Аляксандр Ярашук, прэзідэнт Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, распавёў DW, што забастоўкі цяпер таксама праходзяць у „Беларуськаліі”, вытворцы калійных угнаенняў, і ў „Гародня Азот”, якое вырабляе азот. „Трэба мець на ўвазе, што больш за чвэрць стагоддзя беларускія рабочыя ўтрымліваюцца ў руках дыктатарскага рэжыму, і палітычныя забастоўкі забароненыя”, — сказаў Ярашук. „Але нават у гэтых умовах колькасць тых, хто адгукнуўся на заклік Ціханоўскай і пачаў забастоўку, вельмі значны”. Яшчэ адна важная частка беларускай эканомікі — высокія тэхналогіі. У жніўні 500 прадстаўнікоў гэтага сектару падпісалі адкрыты ліст, які ставіць пад сумнеў афіцыйныя вынікі выбараў, патрабуючы вызвалення палітвязняў і спынення гвалту і затрыманняў удзельнікаў акцый пратэсту. Некаторыя пагражалі пераездам у суседнія Польшчу, Украіну, Латвію і Літву.

Барбадас прыбраў статую брытанскага адмірала Гарацыя Нэльсана, якая стаяла на галоўнай плошчы сталіцы краіны, Брыджтаўне, піша Reuters. У 1813 г. у Брыджтаўне была ўстаноўлена бронзавая статуя Нэльсана ў памяць пра адмірала, які даў перамогу брытанскаму флоту над французскім і іспанскім флотамі ў бітве пры Трафальгары ў 1805 г. Карыбскі басейн, каланізаваны ў той час брытанцамі, французамі і іспанцамі, быў у пачатку XIX стагоддзя таксама і тэатрам напалеонаўскіх войнаў. Таму брытанскія каланізатары вырашылі ўшанаваць памяць адмірала Нэльсана за яго ўклад у супраціў Французскай імперыі. З 1990 г. усе наступныя ўрады Барбадаса спрабавалі зняць гэты помнік. У 1999 годзе назва плошчы, на якой ён стаіць, была зменена на Плошчу нацыянальных герояў (раней яна называлася Трафальгарскай плошчай). Урэшце, пытанне аб зносе помніка было вырашана толькі цяпер. На ўрачыстай цырымоніі ўвечары ў панядзелак прэм’ер-міністр Мія Мотлі заявіла, што ўрад прыняў пастанову, згодна з якой помнік з’яўляецца „важнай рэліквіяй гісторыі”.

— Але гэта не рэліквія, якая павінна стаяць на плошчы нацыянальных герояў нацыі, якая павінна была занадта доўга змагацца, каб сфармаваць уласны лёс і пабудаваць пазітыўную будучыню для сваіх грамадзян.

Выданне нагадвае, што ў 1805 г. адмірал Нэльсан пісаў свайму сябру Сайману Тэйлару на Ямайку, што „заўсёды быў адданым прыхільнікам цяперашняй каланіяльнай сістэмы”. Нэльсан быў забіты іспанскім снайперам падчас бітвы пры Трафальгары. Пасля зняцця з галоўнай плошчы Брыджтаўна статуя Нэльсана адправіцца ў музей Барбадаса. Барбадас быў акупаваны Англіяй у 1625 годзе.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя