Грамадскую актывістку з Верхнядзвінска папярэдзілі аб экстрэмізме



Афіцыйнае папярэджанне аб экстрэмізме пад подпіс атрымала ад уладаў грамадская актывістка з Верхнядзвінска Валянціна Болбат. Жанчыну паважных гадоў, якой ужо ідзе сёмы дзясятак, і паважаную ў грамадстве, выклікалі міліцыянты на так званую прафілактычную гутарку і ўручылі ёй папярэджанне.

Як кажа Валянціна Болбат, такім чынам адзначылі яе актыўную пазіцыю да таго, што адбываецца ў краіне. А падставай стаўся яе ўдзел у мірных акцыях супраць гвалту.

Таццяна Смоткіна паразмаўляла з „Госцем Рацыі” Валянцінай Болбат пра тое, як жывецца грамадскім актывістам у рэгіёнах, якія займалі і займаюць актыўную і неабыякавую пазіцыю да таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Як яны сябе пачуваюць, калі ім пагражаюць невядомыя, а ўлады ім выпісваюць папярэджанні пра экстрэмізм. І як увогуле жыць ва ўмовах поўнага прававога калапсу ў Беларусі:

– Я, канешне, падпісала гэты дакумент, але я зрабіла свае заўвагі адносна таго, што чаму мне выдаюць афіцыйнае папярэджанне па законе аб „Супрацьдзеянні экстрэмізму”. Калі я паглядзела гэты дакумент, то там ёсць такія рэчы, як супрацьдзеянне ўладам, заклікі да скідання ўлады, стварэнне нейкіх ваенных фармаванняў, там нейкія пытанні са зброяй, атрыманне нейкіх грошай. Карацей, там вялікі такі пералік гэтых пунктаў, я ніяк не падыходжу.

Як кажа Валянціна Болбат, яна скарысталася магчымасцю абскардзіць гэты дакумент. Жанчына накіравала ліст да кіраўніцтва ўнутраных спраў аблвыканкама з просьбай патлумачыць на падставе чаго ёй зрабілі афіцыйнае папярэджанне, каб правялі праверку і анулявалі гэты дакумент.

Да таго ж грамадскай актывістцы праз сацыяльныя сеткі пагражаў невядомы. Яна звярнулася з заявай у мясцовы РАУС, але асобу гэтага чалавека верхнядзвінская міліцыя і да гэтай пары не можа ўстанавіць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя