Затрыманыя актывісты ЗБС прызнаныя палітзняволенымі



Беларускія праваабаронцы прызналі палітзняволенымі затрыманых актывістаў Задзіночання беларускіх студэнтаў (ЗБС) Ксенію Сырамалот, Алану Гебрэмарыям, Ягора Канецкага, Яну Арабейку і Касю Будзько.

„12 лістапада ўлады Беларусі нанеслі ўдар па адной з найстарэйшых моладзевых арганізацый краіны: рэпрэсіўныя органы затрымалі лідараў і актывістаў ЗБС, у кватэрах сябраў студэнцкага аб’яднання ды ў офісе арганізацыі адбыліся ператрусы, — гаворыцца ў заяве на сайце spring96.org. — Вылучанае ў якасці падставы для затрымання і следчых дзеянняў у дачыненні да сябраў ЗБС падазрэнне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 342 Крымінальнага кодэкса („Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх”) з’яўляецца відавочна беспадстаўным і ставіць гэтую справу ў адзін шэраг з сотнямі палітычна матываваных крымінальных спраў, што вядуцца цяпер уладамі Беларусі супраць апанентаў дзеючага аўтарытарнага рэжыму”.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што „ціск і гвалт скіраваныя супраць усіх грамадскіх інстытутаў, у тым ліку пад асобны ўдар патрапілі няўрадавыя арганізацыі”. „Сотні актывістаў НДА зазналі затрыманні, арышты, ператрусы, збіццё і катаванні. Адмысловыя і жорсткія рэпрэсіі скіраваныя рэжымам супраць тых арганізацый, якія супрацоўнічаюць з Каардынацыйнай радай па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, вядуць праваабарончую дзейнасць, аказваюць дапамогу вязням і ахвярам рэпрэсій, — адзначаецца ў заяве. — Беларуская студэнцкая моладзь бярэ чынны ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў і з’яўляецца адным з рухавікоў забастовачнага руху, які разгортваецца цяпер у Беларусі ў знак пратэстаў супраць гвалту і сістэмнага парушэння законнасці і правоў чалавека ў краіне”.

На думку праваабаронцаў, у сукупнасці ўсе вядомыя абставіны справы ЗБС „адназначна ўказваюць на тое, што пагром Задзіночання наўпрост звязаны з палітычнай актыўнасцю арганізацыі і яе лідараў”.

„Мы выказваем рашучы пратэст супраць крымінальнага пераследу ды іншых формаў рэпрэсій у дачыненні да лідараў, актывістаў ды прыхільнікаў Задзіночання беларускіх студэнтаў ды ўсіх іншых НДА, якія падпалі пад палітычны пераслед, — гаворыцца ў заяве. — Падкрэсліваем, што дзейнасць ЗБС, Каардынацыйнай рады ды іншых грамадскіх фармаванняў і НДА з’яўляецца формай рэалізацыі свабоды асацыяцый (свабоды аб’яднанняў) і ў такой якасці знаходзіцца пад абаронай артыкула 36 Канстытуцыі Беларусі і артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах”.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення актывістаў ЗБС і ўсіх іншых палітвязняў (цяпер такімі ў Беларусі прызнаныя больш за 100 чалавек. — БелаПАН.), а таксама спынення ўсіх распачатых крымінальных спраў супраць актывістаў няўрадавых арганізацый, журналістаў, блогераў, праваабаронцаў, валанцёраў, назіральнікаў і іншых удзельнікаў мінулай выбарчай кампаніі.

Заяву падпісалі Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі нацыянальны моладзевы савет „РАДА”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, РГА „Прававая ініцыятыва”, праваабарончы цэнтр „Вясна”, таварыства „Ініцыятыва Forb”, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), кансультацыйны цэнтр „Хьюман канстанта”.

belapan.by