Сталічныя ўлады пачынаюць барацьбу з пратэставымі дварамі
У Менску ўлады пачынаюць барацьбу з „пратэставымі дварамі”.
„Прадугледжваецца канцэнтрацыя намаганняў на тэрыторыях, якія найбольш схільныя да ўплыву дэструктыўна настроеных грамадзян, псавання маёмасці”, — заявіў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран.
Паводле яго слоў, „для навядзення парадку ў Менску” паўнамоцтваў у гарадскіх службаў дастаткова. У кожным раёне сталіцы ўлады вызначаць 3-6 месцаў, якія „патрабуюць асаблівай увагі”. На іх будзе актывізаваная тлумачальная праца з грамадзянамі, арганізаваныя дзяжурствы службаў і замацаваны службовыя асобы з ліку кіраўнікоў арганізацый. Там будзе і ўзмоцненае патруляванне міліцыі.
План мерапрыемстваў абяцаюць пазней апублікаваць. Тады і стане вядома, якія менавіта месцы Менска трапілі пад пільны кантроль уладаў.
Беларускае Радыё Рацыя