У Беларусі новы сутачны рэкорд выпадкаў COVID-19 — 1.382



За апошнія суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 1.382 новыя выпадкі каранавіруснай інфекцыі COVID-19, памерла яшчэ сем чалавек, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруса ў краіне дасягнула 119.390, памерла ўжо 1.074 чалавекі.

18 лістапада было зафіксавана 1.309 заражаных і сем смерцяў.

Міністэрства адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісаныя 99.584 пацыенты (1.266 за апошнія суткі).

Праведзена 2.977.802 тэсты на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 30.041.

Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ужо паўгода міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, 18 лістапада да абавязковага масачнага рэжыму далучыліся Берасцейская, Гарадзенская і Магілёўская вобласці. Такім чынам, цяпер на тэрыторыі ўсёй краіны неабходна выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны ва ўсіх без выключэння аб’ектах любой формы ўласнасці: паліклініках, аптэках, крамах, кавярнях, грамадскім транспарце і таксі, у тым ліку маршрутных. У шэрагу рэгіёнаў абмежаванае правядзенне спартыўных, культурных, відовішчных, навуковых, рэлігійных і іншых масавых мерапрыемстваў.

belapan.by