Кіраўнікі МЗС ЕЗ узгаднілі падрыхтоўку новага пакета санкцый па Беларусі



Еўрапейскі звяз павінен выразна прасігналізаваць, што згоды на жорсткае прымяненне сілы не будзе, падкрэсліў кіраўнік польскай дыпламатыі Збігнеў Рау падчас дыскусіі аб сітуацыі ў Беларусі, якая адбылася падчас неафіцыйнай відэаканферэнцыі міністраў замежных спраў дзяржаў-членаў ЕЗ.

Падчас дыскусіі на гэтую тэму міністр Рау адзначыў, што нядаўняе забойства маладога ўдзельніка дэманстрацыі ў Менску Рамана Бандарэнкі паказала драматычны кірунак, у якім развіваецца сітуацыя ў гэтай краіне.

„ЕЗ павінен даць зразумець, што не будзе згоды на жорсткае прымяненне сілы”, – сказаў кіраўнік польскай дыпламатыі, выказаўшы задавальненне палітычным кансенсусам наконт тэрміновасці прыняцця чарговага пакета санкцый.

У той жа час ён выказаў спадзяванне, што Еўрапейская камісія ў хуткім часе прадставіць комплексны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі ў адпаведнасці з высновамі Еўрапейскай рады ад 2 кастрычніка 2020 года.

 * * * 

Міністры замежных спраў краін Еўрасаюза падчас відэаканферэнцыі 19 лістапада пагадзіліся з неабходнасцю ўвядзення трэцяга пакета санкцый да Беларусі, паведаміў на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў сустрэчы вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.

„Сітуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца. Рэжым Лукашэнкі не спыняе рэпрэсіі супраць людзей. Сёння мы пагадзіліся з неабходнасцю працягнуць падрыхтоўку трэцяга пакета санкцый у адказ на працяг рэпрэсій”, — сказаў Барэль.

Паводле яго слоў, новыя санкцыі могуць закрануць не толькі фізічных асоб, але дзяржаўныя структуры і прадпрыемствы.

Барэль паведаміў, што на сённяшнім пасяджэнні падаў міністрам замежных спраў краін Еўрасаюза дакумент па пераглядзе адносін паміж ЕС і Беларуссю. Міністры яго вывучаць і прымуць рашэнне на наступным пасяджэнні савета ў снежні.

Першы пакет санкцый Еўрасаюз увёў у пачатку кастрычніка, уключыўшы ў санкцыйны спіс 40 беларускіх грамадзян, якія маюць дачыненне, на думку Бруселя, да фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў. У спіс трапілі члены Цэнтрвыбаркама, кіраўніцтва і супрацоўнікі сілавога блока.

Другі пакет санкцый ЕС быў прыняты 6 лістапада. У новы спіс уключаныя Аляксандр Лукашэнка і яго старэйшы сын, памочнік па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка, а таксама кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня КДБ Іван Церцель, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман Мельнік, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч і яго намеснікі Сяргей Аземша і Андрэй Смаль, старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксей Волкаў (раней займаў пасаду першага намесніка кіраўніка СК), кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэй Паўлючэнка, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант, камандзір групы „Альфа” (спецназ) Сяргей Зубкоў, былы дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў і старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч.

Такім чынам, у санкцыйным спісе ЕС гэтага года 59 чалавек. Абмежавальныя меры ўключаюць забарону на ўезд на тэрыторыю ЕС і замарозку актываў гэтых асоб. „Акрамя таго, грамадзянам і кампаніям ЕС забаронена выдзяляць сродкі асобам, уключаным у спіс”, — паведаміла прэс-служба Савета ЕС.

Варта адзначыць, што з 2006 года санкцыі ЕС дзейнічаюць у дачыненні да Уладзіміра Навумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзмітрыя Паўлічэнкі. На думку ЕС, яны датычныя да знікнення апанентаў улады ў 1999—2000 гадах.

29 верасня Вялікабрытанія і Канада ўвялі санкцыі супраць васьмі службовых асоб Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, за фальсіфікацыю выбараў і парушэнні правоў чалавека, жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі. Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд гэтых асоб на тэрыторыю Вялікабрытаніі і Канады і замарозку іх актываў у гэтых краінах. 6 лістапада Канада абвясціла, што далучаецца да санкцый, якія ў дачыненні да Беларусі ўвёў Еўрасаюз.

Да санкцый ЕС у дачыненні да прадстаўнікоў беларускай улады таксама далучылася Швайцарыя.

belapan.by