МУС: Затрыманы адміністратар тэлеграм-канала „Белыя халаты”



Затрыманы адміністратар тэлеграм-канала „Белыя халаты”, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў у тэлеграм-канале.

Адзначаецца, што на чацвёртакурсніка ўніверсітэта выйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС пасля атрымання інфармацыі аб яго супрацьпраўных дзеяннях.

„Высветлілася, што 20-гадовы мінчанін з 12 жніўня з’яўляўся адным са стваральнікаў і адміністратараў радыкальна настроенага тэлеграм-канала „Белыя халаты” і такога ж чата „Медыкі і Валанцёры”. Удзельнікі гэтых рэсурсаў актыўна абмяркоўвалі спосабы процідзеяння дзейнай уладзе, публікавалі абразы і пагрозы на адрас супрацоўнікаў праваахоўных органаў, заклікалі да звальненняў медработнікаў, удзелу ў забастоўках і пратэстах”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падчас вобшуку ў кватэры маладога чалавека канфіскаваныя планшэт, ноўтбук, атрыбутыка і мабільны тэлефон.

„Падчас затрымання гаспадар паспрабаваў разбіць свой тэлефон, каб заблакаваць доступ да акаўнту, з якога адміністраваў рэсурсы. Таксама ў студэнта выяўленая польская віза для выезду з краіны”, — адзначае МУС.

Паведамляецца, што ў выніку агляду канфіскаванай тэхнікі „ўсталяваная карыслівая зацікаўленасць адміністратара ў атрыманні з-за мяжы буйных грашовых сум (адна з іх — 54 тыс. еўра) для фінансавання дэструктыўнай дзейнасці”.

Следчымі мінчанін прызнаны падазраваным па крымінальнай справе аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

МУС паведамляе, што ГУБАЗіК працягвае працу „па ўсталяванні іншых мадэратараў і адміністратараў радыкальных тэлеграм-чатаў, у тым ліку якія маюць дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці падазраванага”.

Варта адзначыць, што напярэдадні вечарам з’явілася інфармацыя аб узломе невядомымі тэлеграм-канала беларускіх медыкаў „Белыя халаты”, у якога было больш за 50 тысяч падпісчыкаў. Сярод іншага ў канале публікавалася інфармацыя пра акцыі салідарнасці медыкаў, выпадкі націску, размяшчаліся відэазвароты медработнікаў.

belapan.by

Фота: ont.by