Віктар Марчык: „Чорныя меткі” ўжо атрымалі беларускія сілавікі
Пра тое, што сёння адбываецца ў Беларусі з боку сілавікоў, разважае грамадскі актывіст са Слоніма, сябра Рады Беларускага нацыянальнага кангрэса, каардынатар Еўрапейскай Беларусі на Слонімшчыне Віктар Марчык.
РР: Спадар Віктар, згодна старой легендзе, „чорную метку” піраты ўручалі матросам, якія падазраваліся ў парушэнні маральна-этычных нормаў пірацкай каманды. „Чорная метка” была раўназначна смяротнаму прысуду. Пра „чорную метку” нагадала і тая сітуацыя, якая адбываецца сёння ў Беларусі. Ці не так?
Віктар Марчык: У Беларусі сёння „чорная метка” не згубіла свайго сэнсу. Гэтую метку сёння ўжо атрымалі многія беларускія сілавікі. Сілавікі, чыноўнікі і “слугі народа”, якія перайшлі рысу сваіх беззаконных дзеянняў супраць грамадзян Беларусі, атрымалі ўжо такую імправізаваную метку. Гэта значыць, што яны ўжо занесены ў чорны спіс. І пры змене ўлады асобы з „чорнай меткай” аўтаматычна становяцца падсуднымі. Яны адразу згубяць не толькі свае званні і пасады, але супраць іх будуць узбуджаны крымінальныя справы. Шкада толькі будзе іх сем’яў, якія не змаглі своечасова апамятацца і іх спыніць. Тым больш, што ўлада хутка зменіцца, я і ўсе беларусы ў гэтым упэўнены. Бо беларускі народ не хоча быць рабом у гэтай прагніўшай наскрозь сістэме, не жадаюць ужо людзі, каб іх трымалі за неразумны скот („не быць скотам”, як пісаў Янка Купала). Мой беларускі народ даўно жадае быць вольным і шчаслівым. Стары савецка-камуністычны рэжым рухне і ўсе беларусы гэта разумеюць. Так, як было 26 гадоў, ужо не будзе ніколі.
На маёй Слонімшчыне таксама ёсць „таварышы”, якія атрымалі „чорную метку” за свае ўчынкі ў адносінах да людзей. Найперш, гэта адзін з намеснікаў начальніка Слонімскага РАУС і сённяшні кіраўнік суда Слонімскага раёна, якія парушаюць Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусі за арышты людзей і неправамоцныя прысуды. Спісы ўсіх сілавікоў і вертыкальшчыкаў з „чорнай меткай” мы маем.
І калі ў гэтых асобаў яшчэ ёсць нейкія шанцы рэабілітавацца, то шанцаў на рэабілітацыю няма ў пяці старшынь участковых выбарчых камісій на тых участках, дзе знаходзіліся незалежныя назіральнікі, якія мелі законную акрэдытацыю і мелі права знаходзіцца на выбарчых участках, а іх не толькі не дапусцілі да назірання і падліку галасоў, але і нахабна выставілі за тэрыторыю школ, дзе знаходзіліся выбарчыя ўчасткі. У ліку такіх асобаў быў і дырэктар СШ № 8 г. Слоніма. Ёсць у нас усе доказы, відэа, сведкі і г.д. У іх таксама – „чорныя меткі”…
У фэйкавых малюнках і пастановачных роліках, якія паказваюць па БТ расейскія прапагандысты, ужо ніхто не верыць. Беларусам гэта нецікава. Беларусам патрэбна праўда жыцця, мір і дабрабыт. Хопіць здзеквацца над нашым народам, мы хочам сапраўдныя дэмакратычныя выбары, мы хочам выказваць сваю думку і не баяцца, што нас будуць біць і забіваць. Таму тыя, хто гэта робіць, атрымалі „чорныя меткі”. Хай гэта маюць на ўвазе.
Беларускае Радыё Рацыя