У Беларусі рэзка скарацілася колькасць плацельшчыкаў дарожнага збору
У Беларусі працягвае змяншацца колькасць аўтаўладальнікаў, якія праходзяць тэхагляд і выплачваюць дарожны збор, сведчаць дадзеныя УП „Белтэхагляд”.
Прадпрыемства канстатуе, „што захоўваецца негатыўная тэндэнцыя ў колькасці транспартных сродкаў, якія прадстаўляюцца на дыягнастычныя станцыі для праходжання iмi дзяржаўнага тэхнічнага агляду і атрымання дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху”.
За студзень—верасень выдадзена толькі 555,5 тыс. дазволаў на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху, што на 37,1% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Падзенне, сведчаць дадзеныя „Белтэхагляда”, назіраецца з 2015 года.
У Беларусі з 2014 года праходжанне тэхагляду было аб’яднанае з выплатай аўтаўладальнікамі дарожнага збору (пошлiны за допуск да ўдзелу ў дарожным руху), паступленні ад гэтага збору пералічваліся ў бюджэт для частковага фінансавання насельніцтвам дарожнай інфраструктуры.
Разам з тым у апошнія гады механізм выплаты гэтага збору выклікаў крытыку з боку насельніцтва, бо памер пошліны (у сярэднім — каля 200 рублёў) не ўлічвае працягласць эксплуатацыі транспартнага сродку.
З гэтай прычыны ўлады апошнія два гады разглядаюць альтэрнатыўныя варыянты збірання дарожнага збору з грамадзян, аднак канчатковае рашэнне па гэтым пытанні не прынятае.
На гэтым тыдні тэма выплаты дарожнага збору разглядалася на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Ён заявіў, што рашэнне аб механізме выплаты дарожнага збору павінна быць прынятае ўрадам сумесна з парламентам.
„Усе пытанні, якія вы вынеслі на сотні старонак прэзідэнту, ляжаць у плоскасці парламента і ўрада. Вось давайце іх і вырашайце, як у цывілізаваным грамадстве”, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.
Аднак па яе выніках ні кіраўнік урада Раман Галоўчанка, ні старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка не змаглі назваць тэрмін, калі будзе вызначаны новы механізм выплаты дарожнага збору насельніцтвам.
„Дзейная форма выплаты дзяржпошліны існуе, яе трэба плаціць, гэта тыя сумы, якія з’яўляюцца дастаткова ўздымнымі”, — сказаў Галоўчанка.
Таму сказаць, дадаў ён, „што нас нешта прыспешвае, не магу”. „Але, вядома, будзем усё гэта рабіць аператыўна, таму што асноўная праца па вылучэнні найбольш прымальных варыянтаў ужо праведзеная. Трэба толькі яшчэ раз іх абмеркаваць, каб зверыцца з народам”, — адзначыў Галоўчанка.