Легендарная полацкая кнігарня згубіла сваю назву



Адна з найстарэйшых полацкіх крамаў згубіла сваю беларускую каларытную назву – „Светач”. Нядаўна над кнігарняй замест былой назвы з’явілася банальная шыльда „Белкніга”.

Палачанін Андрэй Новікаў лічыць змену назвы памылкай:

– Прыбралі старую назву нашай крамы „Светач”, яна цяпер проста „Белкніга” называецца. Я лічу, што гэта ўвогуле памылка, бо кожная крама павінна неяк называцца. Нават у Наваполацку быў „Усход”, яго няма зараз. „Свет кнігі” яшчэ назва засталася, бо вялікія літары, ніхто не здымае, напэўна таму. А так усё „Белкніга”, „Белкніга”, неяк гэта ўсё змывае.

Дом, у якім знаходзіцца полацкая кнігарня, адметная кропка на культурнай мапе горада. Тут у свой час жылі паэт Янка Журба і кампазітар Мікалай Пятрэнка, аўтар „песняроўскай” песні „Ручнікі”. На доме вісяць адмысловыя мемарыяльныя шыльды. І вельмі добра да гэтых шыльдаў пасавала ранейшая назвы кнігарні. Цяпер мы гэта страцілі, – адзначыў палачанін Андрэй.

Беларускае Радыё Рацыя