У Менску было больш за 370 затрыманняў на нядзельных маршах (абноўлена)
Па розных дадзеных ад 13 да 14 чалавек забралі хуткія ў нядзелю з РУУС або міліцэйскіх машын.
Інтэрнэт-рэсурс „Спісы затрыманых” піша пра 14 грамадзян, якім спатрэбілася дапамога медыкаў, праваабарончы цэнтр „Вясна” паведамляе аб 13. У большасці выпадкаў гэта мужчыны. Але ёсць у спісе і адна жанчына — Алена Купцэвіч, медыкі забралі яе з Партызанскага РУУС у Менскую абласную клініку.
Усяго ў спісе затрыманых на пратэстах у нядзелю, складзеным праваабаронцамі, больш за 370 прозвішчаў.
У нядзелю ў Менску прайшла традыцыйная акцыя пратэсту пад назвай „Марш супраць фашызму”. У гэты раз удзельнікі не імкнуліся сфармаваць адну калону, збіраліся ў сваіх раёнах. Масавыя акцыі прайшлі ў розных частках горада. Сілавікі адказалі на іх затрыманнямі, у тым ліку з прымяненнем спецсродкаў. У шэрагу раёнаў сілавікі адступілі пад націскам людзей.
Беларускае Радыё Рацыя
***
На раніцу 23 лістапада праваабаронцы паведамілі, што ім вядомыя прозвішчы ужо 374 чалавек, затрыманых у нядзелю на Маршы супраць фашызму.
***
У Менску ў нядзелю, 22 лістапада, людзі выйшлі на Марш супраць фашызму. У гэты дзень паводле афіцыйнай інфармацыі было затрымана больш 200 чалавек.
У МУС пацвердзілі прымяненне спецсродкаў у Менску. Дзе канкрэтна іх ўжывалі, у ведамстве не ўдакладняюць.
17.20. Колькасць затрыманых перавысіла 160 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
16.10. У Менску ізноў запрацаваў мабільны інтэрнэт, наземны транспарт пачаў спыняцца на праспекце Незалежнасці. Таксама адкрылі ўсе станцыі метро.
У Савецкім РУУСе затрыманых зноў ставяць каля сцяны ў двары.
У раёне Масюкоўшчыны, як паведамляюць чытачы, марш быў ад самага пачатку і да канца, затрыманняў не было.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра больш чым 100 затрыманых. Затрыманні прайшлі ў асноўным у Менску, а таксама ў Бараўлянах, Берасці, Пінску, Наваполацку, Гародні і Заслаўі. Сярод затрыманых у Менску – таксама старшыня «Маладога Фронту»Дзяніс Урбановіч.
Так выглядала калона пратэстуючых на праезнай частцы ў раёне станцыі метро „Пушкінская”.
15.25. У Малінаўку прыехалі сілавікі, але разагнаць пратэстуючых не ўдалося. Людзі паднялі рукі уверх і скандуюць: „Ён вас кіне!»
15.00. Супрацьстаянне паміж пратэстоўцамі і сілавікамі на праспекце Газеты Праўда. Удзельнікі нядзельнага маршу занялі і курган на праспекце Любімава, але да іх адразу накіравалася зачыстка.
14.47. На праспекце газеты «Звязда», каля «Бярэсця», шмат аўтазакаў, людзі бягуць у двары.
Калона людзей на Гарадзецкай.
На вуліцы Голубева калона дэманстрантаў сустрэлася з сілавікамі. Пратэстоўцаў падтрымліваюць жыхары бліжэйшых дамоў, якія са сцягамі выйшлі на балконы. Фоты @nashaniva.
14.30. На гэты час вядома як мінімум пра 30 затрыманых, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”. Затрыманні прайшлі ў асноўным у Менску, а таксама ў Наваполацку і Заслаўі.
14.20. Сілавікі разганяюць і затрымліваюць людзей каля Нацыянальнай бібліятэкі. З боку цэнтра туды пад’ехала спецтэхніка і вадамёт.
Людзі працягваюць збірацца ў розных частках горада. Вялікая калона рухаецца па праспекце Дзяржынскага.
Фота: Тут.бай
На Максіма Танка аўтазакі і бусы з сілавікамі, была зачыстка і затрыманні.
13:55. На вуліцы Альшэўскага недалёка ад скрыжавання з Глебкі былі чуваць стрэлы. Людзі скандуюць: «Забойцы!». Калона рушыла далей праз двары, паведамляе belsat.eu.
13:50. АМАП не даў прайсці калоне, якая рухалася па вуліцы Багдановіча ў бок кавярні „Белая вежа”. Людзі павярнулі назад. Рух транспарту на вуліцы Багдановіча перакрыты.
13:45. У мікрараёне Паўднёвы Захад сілавікі таксама ўжылі святлошумавыя гранаты супраць пратэстоўцаў. Але людзі, нягледзячы на выбухі, пайшлі на іх з узнятымі рукамі, выціснуўшы сілавікоў у бусы.
13.20. Вялікая калона сфармавалася ва Уруччы. Людзі скандуюць: «Верым! Можам! Пераможам!» і «Далучайся!». Да яе далучаюцца меншыя калоны з іншых раёнаў гораду.
13.12. Супраць людзей, якія стаяць у раёне метро «Каменная горка», сілавікі прымянілі спецсродкі, таксама сілавікі разагналі калону ў Малінаўцы, паведамляе @radiosvaboda. Ёсць затрыманыя.
13.07. Калоны з Алібегава, Малінаўкі і Паўднёвага Захаду аб’ядналіся.
Фота: Тут.бай
Каля спарткомплексу на Каліноўскага сабралася да тысячы чалавек.
Выйшлі Малінаўка і Сокал.
Людзі збіраюцца ў невялікія калоны ў дварах.
12.00. Як паведаміў Minsknews.by, адменены прыпынкі грамадскага транспарту ад вуліцы Якуба Коласа да Інстытуту культуры. Калі іх адновяць, невядома.
11.55. У сталіцы закрываюць станцыі метро: закрытыя станцыі Плошча Леніна, Кастрычніцкая, Плошча Перамогі, Плошча Якуба Коласа, Няміга, Купалаўская, усе станцыі трэцяй лініі.
У Менску адключаны мабільны ітэрнэт, сілавікі з самай раніцы рыхтуюцца да пратэстаў, у горад сцягваецца вайсковая тэхніка.
Спецтэхніка ля Парка дружбы народаў.
Каля плошчы Незалежнасці аўтобусы з сілавікамі, аўтазакі, чытачы Тут. бай паведамляюць, што каля фізфака БДУ стаяць вадамёты.
Плошчы Незалежнасці і Перамогі абгароджаныя металічнымі турнікетамі, яны патрулююцца сілавікамі. Каля 9 раніцы з боку мікрараёна Уручча ўехала некалькі калон спецыяльнай і ваеннай тэхнікі.
Фота: тут.бай
* * *
Сёння ў Беларусі 106-ы дзень пратэстаў. А 12:00 мае пачацца Марш супраць фашызму. Ён пройдзе ў новым фармаце. Удзельнікі плануюць збірацца ў сваіх дварах і мікрараёнах, а пасля рухацца ў цэнтр горада.
Беларускае Радыё Рацыя