Слуцкае паўстанне на канвертах, паштоўках, каляндарыках



Слуцкае паўстанне альбо Слуцкі збройны чын – адна з яркіх старонак у беларускай гісторыі, якая адлюстроўвае ўзброенае выступленне беларусаў супраць бальшавікоў і савецкай улады. Сёлета спаўняецца 100 гадоў Слуцкаму збройнаму чыну.

Не так і шмат у Беларусі і па-за яе межамі было выдадзена канвертаў, паштовак і каляндарыкаў, прысвечаных Слуцкаму паўстанню. Тым не менш, такія выданні былі. Пра іх сёння і хочацца нагадаць.

Да 75-годдзя Слуцкага паўстання ў ЗША быў выпушчаны спецыяльны канверт. Магчыма яго рыхтаваў і выпускаў Мікола Прускі. З левага боку на канверце надрукавана выява паўстанцаў на конях з бел-чырвона-белым сцягам і два надпісы: уверсе па-беларуску, унізе – на англійскай мове. Канверт быў надрукаваны хутчэй за ўсё ў сярэдзіне 1990-х гадоў.

У гэты самы час у Менску выдаецца паштоўка, прысвечаная Слуцкаму збройнаму чыну (лістапад-снежань 1920) і словы: “…яны пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына…”. На адваротным баку паштоўкі надрукаваны тэкст: “Віншую Вас з гадавінай Слуцкага Збройнага чыну, калі нашы прадзеды, якія марылі пра незалежнасць Бацькаўшчыны, узяліся за зброю, каб увасобіць у жыццё ідэі Беларускае Народнае Рэспублікі. Вечная слава героям! Жыве Беларусь!”. Аўтар паштоўкі не ўказаны. Але хутчэй за ўсё –гэта мастак Мікола Купава.

Супрацоўнікі Беларускага Радыё Рацыя Аляксей Трубкін і Арцём Сізінцаў, стыпендыят праграмы імя Кастуся Каліноўскага Андрэй Цянюта ды графічны дызайнер Ігар Вянско таксама выдалі паштоўку, прысвечаную беларускаму антыбальшавіцкаму руху 1919-1924 гадоў. З адваротнага боку паштоўкі напісана: “Партызаны беларускага антыбальшавіцкага паўстанцкага аддзела Лукаша Сяменіка. Вялікае Стахава, 1919 г.”.

У 2016 годзе выйшаў з друку кішэнны каляндарык, прысвечаны Слуцкаму збройнаму чыну 1920 года. На каляндарыку адлюстраваны чорныя постаці паўстанцаў з бел-чырвона-белым сцягам і тэксты: уверсе “Слуцкі збройны чын 1920”, унізе – “Свабода. Незалежнасць. Адраджэнне”.

Вось бадай і ўсё, што маю ў сваёй калекцыі на тэму “Слуцкае паўстанне”.  Спадзяюся, што сёлета канвертаў, паштовак і каляндарыкаў, прысвечаных Слуцкаму збройнаму чыну, дабавіцца.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя