Укладчыкі размяшчаюць рублёвыя дэпазіты на кароткі тэрмін
Попытам з боку насельніцтва зараз карыстаюцца ў асноўным кароткатэрміновыя рублёвыя дэпазіты, паведамілі БелаПАН прадстаўнікі некалькіх камерцыйных банкаў.
„Людзі не гатовыя фіксавацца ў рублях на працяглы тэрмін. Усе хочуць адкрываць рублёвыя ўклады на кароткі тэрмін”, — заявіў БелаПАН топ-менеджар аднаго з банкаў.
У сваю чаргу банкі, кажуць удзельнікі фінансавага рынку, не разумеючы, як далей будзе развівацца сітуацыя ў краіне, усталёўваюць самыя высокія працэнтныя стаўкі (18—20% гадавых) таксама толькі па кароткатэрміновых дэпазітах (з тэрмінам размяшчэння да трох месяцаў).
Аналітыкі фінансавага рынку мяркуюць, што пры захаванні палітыка-эканамічнага крызісу ў краіне істотнага росту дэпазітаў насельніцтва ў банкаўскай сістэме не будзе.
„Максімальныя стаўкі па рублёвых дэпазітах цяпер 18—20% гадавых. Наўрад ці ў гэтых умовах прагнасць пераможа страх, і людзі, якія на фоне пагаршэння сітуацыі ў краіне пасля выбараў здымалі дэпазіты, панясуць іх назад. Такое сапраўды было ў папярэднія крызісы, але для гэтага даходнасць па рублёвых дэпазітах не павінна перавышаць 30—40% гадавых”, — адзначыў у каментары БелаПАН старшы аналітык „Альпары” Вадзім Іосуб.
Эксперты чакаюць, што павышаныя стаўкі па дэпазітах могуць захавацца ў сярэднетэрміновай перспектыве, калі палітыка-эканамічная сітуацыя ў краіне не зменіцца.
„Ключавая прычына высокіх ставак — палітычны крызіс, які да гэтага часу не ўрэгуляваны. Таму дынаміка працэнтных ставак на грашовым рынку, у тым ліку па ўкладах і крэдытах, будзе залежаць ад палітычнай сітуацыі ў краіне. Калі палітычны крызіс не будзе ўрэгуляваны, працэнтныя стаўкі застануцца на высокім узроўні”, — мяркуе аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.
На яго думку, у цяперашніх палітыка-эканамічных умовах укладчыкі калі і будуць выказваць цікавасць да рублёвых дэпазітаў, то толькі на кароткі тэрмін. Між тым Нацбанк на мінулым тыдні давёў да банкаў задачу забяспечыць у 2021 годзе рост доўгатэрміновых рублёвых дэпазітаў — як мінімум на прагназаваны ўзровень інфляцыі (на 5%).
„Прыцягненне доўгатэрміновых рублёвых рэсурсаў спрыяла б дэвалютызацыі пасіваў банкаў і павялічыла б колькасць „працяглых” грошай у сістэме. Аднак пакуль у краіне захоўваецца палітычны крызіс, а ў эканоміцы — няпэўнасць, гэтага не адбудзецца. Чакаць, што ў цяперашняй сітуацыі ўкладчыкі будуць размяшчаць грашовыя сродкі ў банках на працяглы тэрмін, наўрад ці варта”, — лічыць Муха.