Махляры не спяць



Многія людзі апошнім часам сталі скардзіцца на недахоп сну… Яно і зразумела: восень, шэрань, авітаміноз, а навіны такія, што хочацца заснуць і не прачынацца да вясны!

Хтосьці хварэе на каронавірус, хтосьці трапляе за краты. Сумная статыстыка, сумныя спісы – факт… Не спяць адны махляры. Уявіце сабе такую гісторыю: ляжыць хворы чалавек пад коўдрай і трасецца ад падвышанай тэмпературы, а яму тэлефануюць з банка і спрабуюць паразмаўляць пра стан рахунку. Маўляў, пэўныя грошы (пэўна, вашы?) пайшлі кудысьці… не туды! Давайце разбірацца? Чалавеку не да грошай і ён пасылае “банкіраў” лесам. Але праз нейкі час яго набіраюць ужо па вайберы з іншага банку (любы прасунуты і непрасунуты беларус скажа вам, што грошы нельга трымаць у адным месцы!) і кажуць пра аналагічныя рэчы. Чалавеку ўжо лепш і ён заўважае, што нумар, з якога тэлефанавалі і першы, і другі раз, – зусім не беларускі! Карацей, была спроба ўзламаць рахунак і зарабіць грошай на дурніцу. У дадзеным выпадку – няўдалая, але шмат іншых таварышаў былі залішне гаваркімі і даверлівымі з “банкаўскімі” работнікамі.

У выніку згубілі грошы і нервы. За бягучы месяц жыхары страцілі каля 10 000 рублёў пасля тэлефонных размоў з ілжэработнікамі банкаў, піша “Рэгіянальная газета”. Пры гэтым для сувязі з патэнцыйнымі ахвярамі зламыснікі нібыта ад імя Асацыяцыі Маладзечна беларускіх банкаў усё сталі часцей скарыстоўваць Viber.

За апошнія тры тыдні маем ужо шаснаццаць падманутых маладзечанцаў. У Маладзечанскім РАУС за лістапад зафіксавана сем падобных фактаў. Міліцыя, канечне, шукае злодзеяў. Ці знойдзе? Іншае пытанне. Такія справы і раней ішлі няпроста, а цяпер дык увогуле ў міліцыі другія прыярытэты. То будзьце пільныя, беражыце сябе і свае грошыкі. Самі. Наўздагон! Прымайце вітаміны і старайцеся добра высыпацца. Восень.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ