Агляд прэсы: Алексіевіч заклікае міжнародную супольнасць звярнуць увагу на Беларусь



Святлана Алексіевіч дала вялікае інтэрв’ю вядомаму нямецкаму выданню, у якім заявіла, што міжнародная супольнасць пакуль мала дапамагае Беларусі, якая змагаецца з дыктатарам, які катуе і забівае мірных людзей.

У Францыі тым часам пачаўся судовы працэс над Нікаля Сарказі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

-Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч занепакоеная будучыняй сваёй краіны. Яна кажа, што кожную раніцу ёй паступаюць электронныя лісты, якія прымушаюць яе плакаць. У іх можна ўбачыць жорсткія фатаграфіі раздробненых рук, пераўтвораных у крывавае месіва, целаў з  ранамі — гэта фатаграфіі зняволеных з беларускіх турмаў”, — піша нямецкі часопіс Der Spiegel. Журналісты выдання Тобіас Рап і Фолькер Вайдэрман пагутарылі з пісьменніцай, якая зараз праходзіць лячэнне ў Берліне.

„Тое, што Лукашэнка робіць, гэта катастрофа. Пасля фальсіфікацыі вынікаў галасавання ў жніўні было арыштавана 27 тыс. чалавек. Гэта навукоўцы, прафесары, звычайныя людзі, працоўныя, студэнты. Пацярпелі ўсе слаі грамадства. Лукашэнка разбурае краіну”, — заявіла Алексіевіч. —Лукашэнка абыякавы да функцыянавання грамадства. Нягледзячы на драматычную сітуацыю з каронавірусам і перапоўненыя лякарні, было затрымана 50 лекараў. У Менску ёсць вядомы кардыёлаг, які адмовіўся звальняць маладых лекараў, якія хадзілі на дэманстрацыю. Пасля гэтага ён страціў сваю працу. Затым я атрымала паведамленне, што падпалілі яго загарадны дом. Увесь Менск поўніцца спецназаўцамі ў масках, якія кантралююць і затрымліваюць людзей. Гэта гібрыдная грамадзянская вайна. Прыхільнікі Лукашэнкі супрацьстаяць іншай частцы насельніцтва.

За ім ідуць абсалютна звычайныя людзі. Магчыма, таму што яны баяцца нешта страціць. Але ў асноўным ён падтрымліваецца рэшткамі савецкай сістэмы. Я сама была здзіўленая, наколькі хутка ўсё зноў можа вярнуцца. Метады спецслужбаў са сталінскіх часоў. У Другой сусветнай вайне мы перамаглі нацызм і распрацавалі маральную вакцыну ад яго. Але ад ГУЛАГа, ад Сталіна ў нас няма лекаў. Відаць, старыя пазіцыі могуць сфармавацца наноў у любы час. Каардынацыйная рада апазіцыі больш не існуе. Яе члены знаходзяцца ў турме, або высланы з краіны, або збеглі. Ёсць новая рада, імёны яе ўдзельнікаў не выдаюцца па меркаваннях бяспекі. Дамоўленасці заключаюцца праз сацыяльныя сеткі. Але ў мяне ўзнікае адчуванне, што на Захадзе не разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Тое, што мы перажываем, гэта жорсткі гвалт над невінаватымі. Турмы перапоўненыя людзьмі, адзінае злачынства якіх заключаецца ў тым, што яны пратэставалі. Людзі падвяргаюцца сістэматычнай знявазе. У прыбіральнях часта няма вады; у камеры, прызначаныя для 5 чалавек, закідваюць 35 чалавек; зняволеным даводзіцца спаць стоячы, стаяць цэлымі днямі, а то і тыднямі. Гэта гісторыі, вядомыя мне толькі са сталінскіх часоў. Робяцца сістэматычныя спробы зламаць людзей. У сваім жыцці я бачыла шмат дрэннага, і тым не менш я ўзрушаная тым, што адбываецца ў Беларусі. Краіна змагаецца з вар’ятам, забойцам пасярод Еўропы! А свет маўчыць. У чым злачынства гэтых людзей? Яны хочуць новых выбараў. Яны хочуць, каб відавочна фальсіфікаваныя выбары былі ануляваныя. А што кажа Лукашэнка? Не, я не аддам сваю каханую. Так ён называе Беларусь. Пры гэтым ён ператварыў краіну ў канцлагер. Санкцыі Еўразвяза — добрая мера, але далёка не дастатковая, — сказала пісьменніца. — Забарона на ўезд у Еўразвяз галоўных службовых асоб рэжыму не асабліва іх чапляе. Іх сем’і па-ранейшаму могуць падарожнічаць. А Лукашэнка і так забараніў сваім кіруючым супрацоўнікам пакідаць краіну. Беларусь можна было б выключыць з міжнароднай банкаўскай сістэмы. Для краіны важная нафтавая прамысловасць, тут можна было б увесці санкцыі. Гэта моцна ўдарыла б па эканоміцы. Лукашэнка апынуўся б бяссільны перад пратэстамі, якія ўзніклі б у выніку гэтага. Мы хочам перадачы ўлады мірным шляхам, гэта тое, чаго Лукашэнка не можа сабе ўявіць. Ён лічыць, што пасада належыць яму. Калі адбудзецца эканамічнае фіяска, а палітвязні будуць вызваленыя, мы наблізімся да моманту, калі можа ўзнікнуць нешта новае. Магчыма, Расея не дапусціць арыентацыі на Еўропу. Але ў дадзены момант нават гэта было б для мяне прымальным. Усё ж лепш, чым сённяшні стан. Лукашэнка здольны на ўсё. Я магу дапусціць поўнае разлажэнне краіны, хаос, сцэнар грамадзянскай вайны. Летам я напісала заклік да расейскай інтэлігенцыі. „На вашых вачах знішчаюць народ, чаму вы маўчыце?”. На яго адрэагавалі дзесяць чалавек, смелых дэмакратаў. Але толькі дзесяць. У расейцах вельмі глыбока сядзіць адчуванне, што навакольныя краіны, уласна кажучы, належаць да расейскай імперыі. Я не думаю, што Лукашэнка зможа доўга душыць энергію свайго народа. Яго час скончаны. Але гэта атрымаецца толькі пры ўмове, што да нас на дапамогу прыйдзе сусветная супольнасць, — прыводзіць словы Святланы Алексіевіч Der Spiegel.

Дэмакратыя мае быць у краіне хаця б дзеля таго, каб у выпадку падазрэнняў пра парушэнне закону расследаваць справу супраць чалавека, які зусім нядаўна быў прэзідэнтам. Сёння, у панядзелак пачынаецца суд над 23-м прэзідэнтам Францыі Нікаля Сарказі, якога абвінавачваюць у карупцыі. Гэта першы прэзідэнт Францыі, які адказвае перад судом. Пра гэта паведамляе французскі тэлеканал BFMTV. Нікаля Сарказі абвінавачваюць у спробе атрымаць сакрэтную інфармацыю ад члена Касацыйнага суда па іншай адкрытай супраць яго справе аб злоўжыванні даверам уладальніцы L’Oreal мільярдэркі Ліліян Бетанкур у пачатку 2014 года. Тады Сарказі цікавіўся, ці могуць нататнікі, канфіскаваныя ў яго ў рамках расследавання, паказаць, ці фінансаваў яго лівійскі рэжым. Па той справе Нікаля Сарказі абвінавачваюць ва ўдзеле ў „злачыннай групоўцы” з-за меркаванага фінансавання ягонай прэзідэнцкай кампаніі ў 2007 годзе  былым лівійскім дыктатарам Муамарам Кадафі. Працэс плануецца працягнуць да 10 снежня, калі толькі пандэмія каронавірусу не ўнясе зменаў. Раней з’явілася інфармацыя, што слуханне можа быць прыпынена па падазрэнні ў Covid-19 у аднаго з трох падсудных, а менавіта ў адваката Сарказі. 74-гадовага Ц’еры Эрцага. Таксама перад судом адказвае колішні  суддзя Жыльбер Азібер. Пасля заканчэння прэзідэнцкай кадэнцыі Сарказі ў 2012 годзе, следчыя пачалі праслухоўваць яго тэлефон. Па дадзеных паліцыі, тэлефонныя размовы экс-прэзідэнта выявілі відавочныя факты карупцыйных схем. Следства зацікавілася пералічэннем сродкаў праз аднаго з даўніх паплечнікаў Сарказі Цьеры Габэра. Абвінавачанне ва ўдзеле ў злачыннай групоўцы было прад’яўлена Сарказі яшчэ ў студзені гэтага года. Паліцыя падазрае, што грашовыя перадачы маглі быць выкарыстаны для фінансавання кампаніі Сарказі. Гэта ўжо чацвёртая крымінальная справа супраць Нікаля Сарказі. Працэс па абвінавачванні ў карупцыі ў справе „праслухоўвання тэлефонаў” павінен адбыцца ў перыяд з 23 лістапада па 10 снежня, а з 17 сакавіка па 15 красавіка 2021 года — па факце незаконнага фінансавання выбарчай кампаніі 2012 года, у якім рэальныя выдаткі, на думку следства, былі заніжаныя, перадае французскі тэлеканал.

Беларускае Радыё Рацыя