Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ пяцёх затрыманых
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ пяцярых студэнтаў — Глеба Фіцнера, Ілью Трахтэнберга, Марыю Каленік, Вікторыю Гранкоўскую і Анастасію Булыбенку, а таксама выкладчыцу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) Вольгу Філатчанкаву і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення. Пра гэта гаворыцца ў сённяшняй супольнай заяве шэрагу праваабарончых арганізацый.
Дакумент падпісалі пазбаўлены рэгістрацыі ў Беларусі праваабарончы цэнтр „Вясна”, РГА „Прававая ініцыятыва”, публічная ўстанова „Беларускі дакументацыйны цэнтр”, рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне „Беларускі Хельсінкскі камітэт”, кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве „Х’юман Канстанта”.
Як гаворыцца ў заяве, „12 лістапада ўлады Беларусі нанеслі ўдар па адной з найстарэйшых моладзевых арганізацый краіны: рэпрэсіўныя органы затрымалі лідараў і актывістаў Задзіночання беларускіх студэнтаў (ЗБС). У кватэрах сяброў студэнцкага аб’яднання і ў офісе арганізацыі прайшлі вобшукі”.
Шэраг членаў арганізацыі, яе прыхільнікаў і моладзевых актывістаў былі затрыманыя ў якасці падазроных па арт. 342 КК (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і змешчаныя ў СІЗА КДБ. Вядома, што частка з іх пазней была пераведзеная ў сталічнае СІЗА № 1.
23 лістапада стала вядома, што названым пяці студэнтам, а таксама выкладчыцы БДУІР выстаўленыя абвінавачванні і абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.
„У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, яшчэ раз пацвярджаючы сваю пазіцыю, выказаную намі ў сумеснай заяве 18 лістапада з нагоды затрыманняў членаў ЗБС, адзначаем, што іх пераслед з боку беларускіх уладаў звязаны выключна з мірным ажыццяўленнем абвінавачанымі свабод, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека — свабоды выказвання свайго меркавання і свабоды мірных сходаў”, — гаворыцца ў заяве.
„У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі абвінавачаных адвольным і палітычна матываваным, а саміх Глеба Фіцнера, Ілью Трахтэнберга, Марыю Каленік, Вікторыю Гранкоўскую, Анастасію Булыбенку і Вольгу Філатчанкаву палітычнымі вязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Дапаможніка па вызначэнні паняцця „палітычны вязень”, — заяўляюць праваабаронцы.
У сувязі з гэтым прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі патрабуюць іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх, а таксама неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.
Нагадаем, у заяве ад 18 лістапада беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі затрыманых актывістаў Задзіночання беларускіх студэнтаў Ксенію Сырамалот, Алану Гебрэмарыям, Ягора Канецкага, Яну Арабейку і Касю Будзько.
Паводле звестак „Вясны”, на 23 лістапада ў Беларусі ўжо 132 чалавекі прызнаныя палітвязнямі.