Пра самы справядлівы суд
Беларускія суды даўно ўжо не суды, а звычайныя судзілішчы. Там, як пад капірку, даюць суткі затрыманым паводле артыкула 23.34. І няважна, ёсць у цябе адвакат ці няма. Быў ты дзесьці ці не быў. Ты трапіў у суд, а таму вінаваты. І няважна, у якім горадзе суд і колькі год затрыманаму. Карціна заўжды адна: сведкі – АМАП ці міліцыя, вырак – суткі. А часам нават і месяцы.
Беларуская Феміда даўно згубіла сваю павязку з вачэй. А артыкул 23.34 у Беларусі ведаюць цяпер нават школьнікі.
У Мінску затрымалі 34-гадовага праграміста. Абвінавацілі паводле артыкула 23.34. Судзілі. Але падчас суду сведку з АМАПу прызналі, што на прадастаўленым міліцыяй відэа не ён, а нехта падобны на затрыманага. Проста колеры ў вопратцы падобныя. Падавалася, ну, раз ужо гэтыя прызналі, што памыліліся, хаця звычайна гэтага не здараецца, то дакладна вырак будзе вядомы. І што думаеце? У затрыманага праграміста папрасілі прабачэнне і адпусцілі? Не! Суд абвесціў перапынак, каб разабрацца. І разабраўся! На 15 сутак. Уяўляеце, сведкі з АМАПу кажуць, што не ён. А суд усё роўна пакараў 15 суткамі. Што тут сказаць: справядлівы суд у Беларусі. Затрыманы на відэа ці не – няважна. Усё роўна суткі. Скажуць штосьці сведкі ці не – таксама суткі. Такое адчуванне, што пад мантыямі суддзяў нейкія робаты, якія запраграмаваныя толькі на адзін вырак – суткі.