Леў Марголін: Расейская вакцына – гэта расейская рулетка



Эканаміст Леў Марголін, які не так даўно перахварэў на каронавірус, дае парады, як засцерагчыся ад хваробы.

Леў Марголін: Як і ў любой справе, падчас барацьбы з каронавірусам можна знайсці нейкі рацыянальны шлях. Я прыхільнік таго, напрыклад, каб па ўсёй краіне быў абавязковы маскавы рэжым у грамадскім транспарце, у грамадскіх месцах (крамах, кавярнях) і падчас усіх масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў памяшканнях.

Некаторыя кажуць, што маскі не абараняюць ад каронавіруса, але, на мой погляд, гэта не так. Вірус не лётае па паветры, перамяшчаецца з кропелькамі вадкасці, а таму маска можа абараніць людзей.

Цяжкасць хваробы можа залежыць у тым ліку і ад колькасці віруса, які падхапіў чалавек. Нешта накшталт дозы радыяцыі – можна захварэць у лёгкай форме, а можна і памерці. Хаця, натуральна, і ад стану здароўя чалавека таксама шмат што залежыць.

РР: У некаторых краінах ужываюць больш жорсткія меры для барацьбы з інфекцыяй…

Леў Марголін: Калі казаць пра спыненне працы прадпрыемстваў, то не думаю, што ў гэтым ёсць вялікі сэнс. Для краіны ў такім выпадку будзе больш шкоды, чым карысці. Але трэба больш актыўна праводзіць прафілактычную працу, каб людзі трымалі дыстанцыю, не грэбавалі элементарнымі правіламі.

Але галоўнае – не панікаваць. Увогуле, як мне падаецца, рана ці позна, але на каронавірус перахварэюць усе. Мой уласны досвед і досвед тых людзей, хто ўжо перахварэў, паказвае, што калі ў чалавека няма нейкіх цяжкіх захворванняў, звязаных з лёгкімі, сэрцам, ныркамі, то гэтая хвароба не такая ўжо і небяспечная. Трэба шмат вадкасці, бо вада выводзіць прадукты распаду. Патрэбна таксама свежае паветра, бо нават калі чалавек хварэе, ён павінен хаця б на 10-15 хвілін выходзіць на свежае паветра.

А яшчэ параіў бы набыць пры магчымасці ў кожную сям’ю пульксіметр, якім можна правяраць ровень кісларода ў крыві.

РР: Як Вы ставіцеся да таго, што зараз у Беларусі выпрабоўваюць расейскую вакцыну?

Леў Марголін: Мне падаецца, што расейская вакцына – гэта тая самая расейская рулетка. Яна можа і дапамагае, але ж нікому не вядома, якія будуць наступствы ад яе выкарыстанння.

Для лекараў ёсць жалезнае правіла: першая задача – не нашкодзіць. Таму пакуль мы на 100 адсоткаў не ўпэўнімся, што не нашкодзім людзям гэтай вакцынай, яе ўжыванне павінна быць толькі добраахвотнае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: svaboda.org