Сяргей Дылеўскі: Многія працоўныя маўчаць, бо баяцца
Працоўны Менскага трактарнага завода Сяргей Дылеўскі, які з-за палітычнага пераследу ў Беларусі быў вымушаны з’ехаць у Польшчу, распавёў пра сваё жыццё за мяжой.
Нагадаем, працоўны Менскага трактарнага завода Сяргей Дылеўскі стаў вядомы пасля таго, як узначаліў страйкавы камітэт МТЗ і ўвайшоў у прэзідыум Каардынацыйнай рады.
25 жніўня суд прыгаварыў Сяргея Дылеўскага да 10 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле аб арганізацыі несанкцыянаванага страйку на прадпрыемстве.
У пачатку верасня яму прызначылі яшчэ 15 сутак за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавай акцыі. У выніку тэрміст МТЗ амаль месяц правёў за кратамі, а пасля выхаду на волю быў вымушаны звольніцца з завода і пераехаць з сям’ёй у Польшчу.
Сяргей Дылеўскі: Уладкаваліся з сям’ёй на новым месцы як быццам нядрэнна. Зараз вяду працу аб аказанні дапамогі беларусам, якія засталіся дома і церпяць ад рэпрэсій. Ведаю, што на МТЗ актыў па сутнасці задушылі, шмат людзей звольнілі.
РР: Чаму працоўныя маўчаць?
Сяргей Дылеўскі: У людзей проста татальны страх. Яны баяцца, што іх звольняць, а кіраўніцтва прадпрыемства дзейнічае ў гэтым плане жорстка і адразу звальняе незадаволеных. Ідэолагі палохаюць працоўных, і многія, нават калі і незадаволены ўладай, то ўсё роўна маўчаць. Яны не могуць выціснуць з сябе раба.
Ды і да фондаў ёсць пэўны недавер. Працоўны разважае так: маўляў, мяне сёння звольняць, а хто мне заўтра дапаможа? Таму, пакуль кожнага чалавека асабіста праблема не закране, ён маўчыць.
Я не маўчаў, але ў выніку быў вымушаны пакінуць краіну. Складана было, натуральна, з’ехаць на абсалютна новае месца, жыццё пачынаць практычна з нуля. Незнаёмая краіна, незнаёмая абстаноўка. Мне сказалі, што ў Польшчы шмат беларусаў, яны дапамогуць, але ўсё роўна нязвыкла.
Жонку сустрэлі, адправілі з сынам у санаторый, пакуль мяне не было. Я, калі прыехаў, то забраў іх, і зараз жывем на кватэры.
РР: Чым плануеце ў будучым займацца?
Сяргей Дылеўскі: Вельмі хацеў бы вярнуцца ў Беларусь, але пабачым, як далей будуць развівацца падзеі. Калі давядзецца на доўгі час застацца, то трэба будзе шукаць сталую працу. Я добры аўтаслесар, таму, мяркую, без працы не застануся.
А зараз ёсць сустрэчы з прадстаўнікамі розных фондаў, ідуць перамовы адносна валанцёрскага руху. Трэба дапамагаць людзям, якія патрапілі ў складанае становішча ў сувязі з рэпрэсіямі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Sputnik.by