Ціханоўская падзякавала Літве за жорсткую пазіцыю да рэжыму Лукашэнкі



Сёння падчас відэазванка з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам Святлана Ціханоўская падзякавала Літве за падтрымку беларусаў і жорсткую пазіцыю ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.

Ціханоўская і Наўседа абмеркавалі апошнія падзеі ў Беларусі і забойства Рамана Бандарэнкі, а таксама дапамогу рэпрэсаваным беларусам і спрашчэнне міграцыйных правілаў для іх. Таксама размова вялася аб пашырэнні санкцый і ўключэнні ў спісы прадпрыемстваў, якія звальняюць супрацоўнікаў за грамадзянскую пазіцыю. У прыватнасці, Святлана расказала аб звальненні 49 супрацоўнікаў „Беларуськалія” за страйк.

Таксама Святлана Ціханоўская распавяла аб стварэнні цэнтра ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Літве, які займаецца зборам дадзеных пра злачынствы рэжыму. Прэзідэнт падкрэсліў, што Літва заўсёды падтрымлівала беларускі народ у яго імкненні да сумленных выбараў, а цяпер падтрымае і ў працы па міжнародным расследаванні злачынстваў супраць правоў чалавека.

 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: t.me/tsikhanouskaya