Беларусь у студзені-верасні на траціну скараціла экспарт нафты і нафтапрадуктаў
У студзені-верасні 2020 года на траціну скараціўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года экспарт беларускай нафты і нафтапрадуктаў, сведчаць афіцыйныя статзвесткі.
За дзевяць месяцаў гэтага года Беларусь экспартавала 787 тысяч тон нафты, што на 34,1% менш у параўнанні з паказчыкам за аналагічны перыяд 2019-га. Нафтапрадуктаў за гэты перыяд экспартавана 5,29 млн тон, што на 34,3% менш.
Рэзкае скарачэнне экспартных паставак беларускай нафты і нафтапрадуктаў абумоўленае канфліктам Беларусі і Расеі. З-за адсутнасці дамоўленасцяў аб умовах закупкі нафты Расея ў студзені—сакавіку ўтрая знізіла пастаўкі вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь. Недахоп расійскай нафты для НПЗ беларускія ўлады спрабавалі кампенсаваць набыццём яе ў іншых краінах, а таксама перапрацоўкай нафты, якая здабываецца на тэрыторыі Беларусі і традыцыйна з эканамічных прычын экспартавалася.
Пра наступствы нафтавага канфлікту з Расеяй Аляксандр Лукашэнка сказаў 4 жніўня падчас штогадовага паслання парламенту і народу. „Вы бачыце, якая сітуацыя ў свеце: закрыццё межаў, масавае банкруцтва, дзікае беспрацоўе, інтэграцыйныя структуры і блокі, па сутнасці, паралізаваныя, літаральна за два-тры месяцы разбураныя самыя ўстойлівыя сувязі, адбываецца тое, пра што мы не маглі падумаць”, — падкрэсліў ён.
У гэтых умовах, калі Беларусь асабліва мела патрэбу ў падтрымцы, узніклі праблемы з Расеяй. „Ад нафтавых разборак з Расіяй бюджэт недаатрымаў паўтара мільярда рублёў”, — заявіў Лукашэнка.
У студзені—верасні Беларусь перапрацавала 10,8 млн тон нафты, што на 20,1% менш у параўнанні з паказчыкам за аналагічны перыяд мінулага года.
Паводле звестак БелаПАН, у наступным годзе Беларусь плануе перапрацаваць 18 млн тон нафты. На мінулым тыдні пытанні супрацоўніцтва ў нафтавай сферы абмеркавалі віцэ-прэм’еры Беларусі і Расіі.
Як паведаміла прэс-служба расійскага ўрада, „на парадку дня застаецца стварэнне эканамічных умоў экспартных паставак беларускіх нафтапрадуктаў з выкарыстаннем расійскай інфраструктуры”.
У верасні Лукашэнка заявіў журналістам, што ўлады Беларусі будуць прымаць эканамічныя рашэнні ў адказ на санкцыі з боку краін Балтыі і плануюць змяніць лагістыку паставак нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў на знешнія рынкі.