Аляксандар Класкоўскі лічыць, што праект Васкрасенскага праваліўся на самым старце
Палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі пракментаваў так званы „круглы стол беларускай апазіцыі”, як яго называюць лукашэнкаўскія СМІ.
Словы Класкоўскага прыводзіць „Салідарнасць”: Відавочна, што Бабарыка не стаў падтрымліваць гульню ў дыялог, якую спрабаваў навязаць Лукашэнка, сенсацыйна наведаўшы СІЗА КДБ у кастрычніку. Таксама 24 лістапада адбыўся шырока распіяраны дзяржаўнымі СМІ круглы стол пад эгідай Юрыя Васкрасенскага. Гэтага чалавека, выпушчанага з СІЗА КДБ, які абвесціў сябе «медыятарам паміж уладай і альтэрнатыўнай часткай грамадства», праціўнікі Лукашэнкі лічаць марыянеткай уладаў, самазванцам. Між тым нават сам Лукашэнка нядаўна піярыў гэтую ініцыятыву: „Васкрасенскі там ужо вакол сябе сабраў некалькі дзясяткаў чалавек, якія ўключыліся ў гэты дыялог … Я з імі дакладна сустрэнуся». Па факце ж на круглы стол прыйшло роўна чатыры чалавекі, у тым ліку сам ініцыятар. Ніхто з больш-менш бачных апазіцыянераў гэтае мерапрыемства сваёй прысутнасцю не ўшанаваў.
Праект „Васкрасенскі” можна зачыняць па прычыне аглушальнага фіяска ўжо на старце.
Беларускае Радыё Рацыя