Сінод Кіпрскай Праваслаўнай царквы падтрымлівае прызнанне ПЦУ



Свяшчэнны Сінод Кіпрскай Праваслаўнай Царквы „не пярэчыць супраць рашэння яго блажэнства” архіепіскапа Хрызастома пра прызнанне Праваслаўнай Царквы Украіны.

25 лістапада 2020 года Свяшчэнны Сінод Кіпрскай Праваслаўнай Царквы бальшынёй галасоў падтрымаў рашэнне архіепіскапа Хрызастома пра памінавенне (згадванне) Епіфанія Думенкі, галавы ПЦУ, паведамляе афіцыйны сайт Царквы Кіпра. Пры галасаванні за гэта выказалася 10 удзельнікаў Сіноду, 7- супраць.

Згодна заяве прэс-службы Кіпрскай Царквы ў час двух сесій Сіноду, якія адбыліся 23 і 25 лістапада 2020 года, іерархі „падрабязна абмеркавалі ўкраінскае царкоўнае пытанне і праблему, якая ўзнікла з-за памінавення архіепіскапам Хрызастомам Епіфанія, як прадстаяльніка Царквы Украіны”.

У звязку з гэтым, Сінод Кіпрскай Царквы пастанавіў, што не супраць такога рашэння архіепіскапа Хрызастома.

РПЦ вельмі адмоўна адрэагавала на пазіцыю Хрызастома. 20 лістапада сінод РПЦ прыняў пастанову спыніць усе кантакты з Хрызастомам ІІ і перастаць згадваць яго імя ў час літургій Расейскай праваслаўнай царквы.

Беларускае Радыё Рацыя