Свежына без салюта



Схаладала – добрая нагода для вяскоўца забіць кабанчыка і зладзіць свежыну. Гаворка ідзе пра тых апошніх магіканаў беларускай вёскі, што яшчэ трымаюць гаспадарку!

І найлепшы пачастунак для радні, якая ніколі гаспадарку не трымала, – кілбаска, пальцам пханая, і кавалачак сальца “палітычных колераў”, таму што самае смачнае сальца – белае і чырвонае, у палосачку! Наўзаем можна частаваць родненькіх бел-чырвона-белай-пасцілой. І спадзявацца, што ніхто нікому нічога, бо ўсё можа быць. Вы ж разумееце?

У Смаргонскім раёне з 16 лістапада ўведзены масачны рэжым. Як гэта працуе? Вясковых бабуляў без масак перасталі абслугоўваць у аўталаўцы. У вясковую краму без маскі таксама лепш не заходзіць. Па-першае, шмат хворых (не навіна!), а па-другое, проста не абслугоўваюць. Яно і праўда, без штрафных санкцый з нашымі людзьмі размаўляць цяжка. Вы ж разумееце. А з чыноўнікамі? Раёнка пастаянна распавядае пра сустрэчы раённага начальства з вяскоўцамі на месцах, шчодра ілюструючы свае матэрыялы фоткамі. Што бачым? Узаемны масачны рэжым. Няма таго, што было пару месяцаў таму… Добра прыпякло? Пэўна ж. І ўсё ж можна назіраць зусім іншае, калі ў райцэнтр прыязджае хтосьці рангам вышэй. Зноўку маем фота – і ўжо фота без маскі. Напэўна, вялікі начальнік спадзяецца: раз я бліжэй да вярхоў, то мне вірус не страшны – маем трактар, хакей і люксовы шпіталь. Цяжка пераадольваць некаторыя палітычныя стэрэатыпы. Спадару Трампу таксама было няпроста прызнаць некаторыя рэчы, але ж прыйшлося. Жыццё не стаіць на месцы.

Беражыце сябе і сваіх блізкіх.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ