Прэзентацыя кнігі «Асэнсаванне шэдэўра. Берасцейская Біблія» прайшла ў Берасці



У Берасцейскай абласной бібліятэцы імя М. Горкага 25 лістапада адбылася прэзентацыя манаграфіі намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алеся Сушы.

Аўтар расказаў, што кніга пад назвай «Асэнсаванне шэдэўра. Берасцейская біблія» ўключае вынікі комплекснага навуковага даследавання знакамітай Бібліі. Паводле меркавання аўтара, кніга стала спробай разгадаць таямніцы «самага загадкавага выдання часоў Вялікага Княства Літоўскага» і заахвоціць сучаснікаў аберагаць і захоўваць сваю нацыянальную спадчыну. У манаграфіі зроблена спроба асэнсаваць значнасць Бібліі як твора кніжнага мастацтва, моўнай культуры, літаратурнай і навуковай працы нашых продкаў.

Берасцейская Біблія — адно з самых прыгожых, самых дарагіх і самых вялікіх выданняў ХVІ–ХVІІІ стагоддзяў у ВКЛ, гэта шэдэўр паліграфічнага мастацтва таго часу. Да таго ж кніга на вякі праславіла Брэст — месца свайго выдання. У аддзеле рэдкай кнігі бібліятэкі, якая сёлета адзначае сваё 80-годдзе, захоўваецца фрагмент Бібліі, а музей гісторыі горада мае арыгінал выдання.

zviazda.by