У Беластоку адкрылася выстава да 100-годдзя Слуцкага паўстання (абноўлена)



“Беларусы змагаюцца так, як 100 гадоў таму”. Пад беларускім консульствам у Беластоку прайшла акцыя да 100-годдзя Слуцкага збройнага чыну. З- за пандэміі не магла яна быць шматлюднай, і ўсё ж такі арганізатары акцыі паклапаціліся, каб кожны ахвотны прыгадаў слуцкіх паўстанцаў. Тут, насупраць консульства, адкрылася выстава, прысвечаная гэтай падзеі. Адным са стваральнікаў фотавыстаўкі з’яўляецца Павел Станкевіч з арганізацыі „Тутака”.

– Слуцкі збройны чын для беларусаў Падляшша – гэта таксама важная рэч, каб не забыць пра гісторыю, пра гэтую падзею. І таксама малодшым сказаць, што беларусы не толькі сёння змагаюцца за сваю свабоду, але таксама змагаліся і 100 год таму.

Тамаш Суліма: Вось такія прыклады, якія на гэтай выставе – гэта людзі звычайныя з народу, якія выйшлі, якія змагаліся. Хаця шансаў можа не было шмат. Але яны проста верылі, што беларус павінен быць гаспадаром на беларускай зямлі.

– Гэтая дата для нас вельмі важная. Бо народ Беларусі і сёння змагаецца за сваю вольнасць, за сваю незалежнасць. Маю надзею, што шмат людзей пабачыць гэтую выставу. У такі спосаб хочам паказаць, што народ Беларусі варты лепшага.

Дадала Марына Ляшчэўская з арганізацыі „Беласток 2020”. Выставу будзе можна аглядаць да палавіны снежня.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

***

Вулічная выстава, прысвечаная Слуцкаму збройнаму чыну, адкрылася па вул. Электрычнай насупраць консульства Рэспублікі Беларусь.

Аб’яднаўшы намаганні, фонд „Тутака”, фонд „Беларусь 2020” і Беларускае гістарычнае таварыства вырашылі ўзгадаць важную дату ў гісторыі Беларусі і Польшчы. Слуцкае паўстанне было першым самастойным беларускім паўстаннем за свабоду сваёй Радзімы. Афіцыйная дата пачатку Слуцкага збройнага чыну – 27 лістапада. Гэта таксама дзень, які ўрачыста адзначаецца як Дзень герояў, прысвечаны ўсім, хто змагаўся за незалежную Беларусь 100 гадоў таму. Слуцкае паўстанне, нягледзячы на ​​тое, што яно не мела поспеху, было зафіксавана ў беларускай памяці на роўні, падобным да пераможнай бітвы пад Воршай з пачатку XVI ст.

 

 

„Выставай перад консульствам Рэспублікі Беларусь мы хочам ушанаваць памяць усіх, хто змагаўся за Беларусь 100 гадоў таму. Арганізоўваючы выставу, мы хацелі б падкрэсліць, што мы памятаем і беларускія намаганні 100-гадовай даўніны ў Беластоку і на Падляшшы. Сардэчна запрашаем”, – адзначаюць арганізатары выставы.

Беларускае Радыё Рацыя