Непаўторны футбольны геній, які застанецца ў памяці мільёнаў людзей
Такім сказам падсумаваў свой рэквіем па Дыегу Марадону футбольны каментатар Уладзімір Хільмановіч, які працуе і для нашага радыё:
Дыега Арманда Марадона быў канешне ўнікальным футбалістам. Актыўна пра яго пісалі ўжо з 1979 года, калі аргенцінская моладзевая зборная стала чэмпіёнам свету. Але тады ў Савецкім саюзе было вельмі мала тэлетрансляцый. Пабачылі яго ўпершыню мы толькі на гішпанскім мундыялі 1982 года, які ў прынцыпе склаўся няўдала і для Аргенціны і асабіста для Марадоны, але ўжо тады ўсе зразумелі маштаб яго таленту. Ну, а мексіканскі чэмпіянат 1986 года стаў яго сапраўдным зорным часам. Клубная кар’ера склалася таксама вельмі паспяхова. Як чалавек Марадона меў абсалютна левыя погляды, сустракаўся з рознымі адыёзнымі палітыкамі, але ён быў шчырым у сваім досыць наіўным светаглядзе. Трапляў ў розныя скандалы, сварыўся з чыноўнікамі, відавочна не быў узорным у побыце. Але гэта быў фенаменальны, адзіны ў сваім родзе і, галоўнае, непаўторны футбольны геній, які застаецца ў памяці мільёнаў людзей.
Пра смерць Дыега Марадоны стала вядома 25 лістапада. Паводле сусветных СМІ памёр 61-гадовы аргенцінскі футбаліст ад сардэчнага прыступу. У ліпені 2018 года Марадона даў прэс-канферэнцыю ў Берасці.
Беларускае Радыё Рацыя