ЗША асудзілі ціск на журналістаў з боку ўладаў Беларусі 



Злучаныя Штаты Амерыкі асуджаюць дзеянні ўладаў Беларусі ў дачыненні да мясцовых і замежных журналістаў, гаворыцца ў заяве пасольства ЗША, апублікаванай на старонцы дыпламатычнай місіі ў «Фэйсбук».

«Прадстаўнікі СМІ не павінны падвяргацца пагрозам, фізічнаму гвалту, арыштам або турэмнаму зняволенню з боку каго-небудзь проста па прычыне выканання сваёй працы ў якасці журналістаў, – падкрэслена ў заяве. – Моцныя незалежныя СМІ, свабодны абмен інфармацыяй і доступ да яе неабходныя для таго, каб вяршэнства закона магло ўкараніцца ў любым грамадстве».

У заяве адзначана, што Злучаныя Штаты «вельмі занепакоеныя небяспечным становішчам беларускіх незалежных СМІ, адвольнымі арыштамі журналістаў за апошнія некалькі месяцаў і ўзбуджэннем ўладамі Беларусі крымінальных спраў супраць журналістаў».

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў на 26 лістапада, 12 беларускіх журналістаў знаходзяцца ў ізалятарах часовага ўтрымання па адміністрацыйных або крымінальных справах.

За кратамі таксама застаюцца і блогеры, затрыманыя яшчэ ў перыяд выбарчай кампаніі.

Беларускае Радыё Рацыя