Еўрадэпутаты рэзка асудзілі сітуацыю ў Беларусі



На сесіі Еўрапарламента 26 лістапада прайшлі тэрміновыя дэбаты „Працяг парушэння правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасці забойства Рамана Бандарэнкі”, падчас якіх дэпутаты рэзка асудзілі рэпрэсіўныя дзеянні беларускіх уладаў і заклікалі да пашырэння пакета санкцый.

Падчас дэбатаў некаторыя еўрадэпутаты пачыналі сваю прамову словамі „Я выходжу” (апошняе паведамленне Рамана Бандарэнкі ў дваровым чаце. — БелаПАН.) і заканчвалі лозунгам „Жыве Беларусь!”.

Выступаючы ад імя фракцыі Еўрапейскай народнай партыі, еўрадэпутат Андрус Кубілюс заявіў: „Тое, што здзяйсняе рэжым Лукашэнкі ў дачыненні да беларускіх грамадзян, мы называем унутраным тэрарызмам. Што мы павінны рабіць з рэжымам Лукашэнкі? Тое ж самае, што і з іншымі тэрарыстычнымі рэжымамі: жорсткія эканамічныя санкцыі ў дачыненні да дзяржаўных і прыватных кампаній, якія важныя для рэжыму, санкцыі на аперацыі ў сістэме SWIFT, правядзенне міжнароднага трыбунала і гэтак далей”.

Кубілюс падкрэсліў, што санкцыі павінны закрануць „не толькі тэрарыстычны рэжым як такой, але і тых, хто падтрымлівае тэрарызм”. „Крэмль павінен ведаць, што калі працягне падтрымліваць тэрарыстычны рэжым Лукашэнкі, санкцыі закрануць таксама і Крэмль”, — сказаў ён.

Дэпутат Віёла фон Крамон-Туабадэль адзначыла: „11 лістапада на сімвалічнай „плошчы Перамен” малады мастак Раман Бандарэнка быў забіты рэжымам Лукашэнкі. Раман не першая ахвяра гэтага рэжыму, але гэта наша адказнасць зрабіць так, каб ён стаў апошняй ахвярай”.

„У дачыненні да таго, што адбылося з Бандарэнкам, падазраюць кіраўніка Федэрацыі хакея Беларусі, — працягнула яна. — Але галоўны адказны за тое, што здарылася, — сам Лукашэнка. Ён адказны за больш як 100 палітвязняў у краіне, за больш як 20 тысяч затрыманых, за ўсіх грамадзян, якія былі збітыя, зведалі катаванні і жорсткае абыходжанне. Ён таксама адказны за распаўсюджванне хлусні пра Бандарэнку і пераслед смелых доктара і журналісткі, якія абверглі гэтую хлусню”.

Крамон-Туабадэль заклікала ЕЗ працягнуць дапамагаць беларускаму народу, не аказваючы пры гэтым ніякай фінансавай падтрымцы ўладам краіны, а таксама ўключыць у санкцыйны спіс не толькі службовых асоб, адказных за парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі ў Беларусі, але і членаў іх сем’яў. „Мы павінны ўвесці сектаральныя санкцыі ў сферы энергетыкі і хіміі, — сказала яна. — А чэмпіянат свету па хакеі не павінен прайсці ў Беларусі”.

„Раман Бандарэнка памёр маладым і ўжо ніколі не ўбачыць Беларусь свабоднай і незалежнай, — сказаў кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Роберт Бедрань. — Усё гэта адбываецца не ў нейкім аддаленым месцы. Гэта адбываецца проста цяпер у нас на парозе, у апошняй дыктатуры Еўропы. Усё гэта — рэальныя жыцці рэальных людзей. Гэта рэальная бітва за свабоду і годнасць. У мяне ёсць пачуццё, што з боку ЕС пакуль больш размоў, чым дзеянняў”.

Дакладчык Еўрапарламента па сітуацыі ў Беларусі Пятрас Аўштравічус адзначыў, што ЕЗ павінен працягваць падтрымліваць беларускі народ у яго барацьбе за свабоду, дэмакратыю, годнасць і права выбіраць свой лёс. „Мы смуткуем па маладым страчаным жыцці, — падкрэсліў ён. — Але колькі яшчэ тысяч адважных беларусаў павінны быць закатаваныя, пакуль мы пачнем дзейнічаць? Хуткасць нашых дзеянняў — гэта ўсё, што мае цяпер значэнне. Падтрымка ЕЗ павінна аказвацца неадкладна беларускай грамадзянскай супольнасці. Мы павінны падтрымаць працэс дакументавання і расследавання тых злачынстваў, якія здзейсніў рэжым, і ўзаемадзейнічаць з міжнароднымі інстытутамі для таго, каб усе вінаватыя былі прыцягнутыя да адказнасці”.

Аўштравічус заклікаў, каб новыя санкцыі ЕЗ „былі накіраваныя на звязаныя з Лукашэнкам кампаніі і бізнесменаў”. „Чым даўжэй мы адцягваем гэтыя дзеянні, тым больш маладых людзей, як Раман Бандарэнка, могуць быць забітыя. Ці гатовыя мы заплаціць такую цану за сваю бяздзейнасць?” — сказаў ён.

Еўрадэпутат Мірыям Лексман заклікала стварыць місію Еўрапарламента высокага ўзроўню, якая „будзе садзейнічаць спыненню гвалту, вызваленню палітвязняў і пачатку нацыянальнага дыялогу па выйсці з крызісу”.

Камісар ЕЗ па антыкрызісным кіраванні Янез Ленарчыч, які прысутнічаў на пасяджэнні, адзначыў, што ў апошнія тры месяцы ў Беларусі назіраецца „беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій”. Ён нагадаў, што Еўразвяз не прызнаў вынікі прэзідэнцкіх выбараў і больш не лічыць Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам.

Разам з тым ён падкрэсліў, што афіцыйны Менск не прыняў прапановы аб аказанні міжнароднай дапамогі для ўрэгулявання палітычнага канфлікту ў краіне і пачатку дыялогу з грамадствам.

Ленарчыч адзначыў, што ЕЗ аказвае і працягне аказваць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і СМІ.

Ён таксама паведаміў, што вядзецца актыўная праца па падрыхтоўцы трэцяга пакета санкцый у дачыненні да Беларусі. „Еўракамісія ўжо накіравала свае прапановы Савету ЕЗ”, — падкрэсліў Ленарчыч.

belapan.by