Юрась Губарэвіч: Усё, што падпіша Лукашэнка, будзе падлягаць перагляду
З візітам у Менску знаходзіцца міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. На сустрэчы з ім Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатовасць беларускага боку да „інтэнсіфікацыі адносін” з Расеяй.
Кіраўнік Руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч адзначае, што Лаўроў верагодна прыехаў у Менск даціскаць выкананне дамоўленасцяў Лукашэнкі з Пуціным падчас перамоў у Сочы.
– Было сказана, што Расея сядзіць і чакае, калі нарэшце яна зможа прыкласці намаганне ў выкананне тых дамоўленасцей, якія былі паміж Пуціным і Лукашэнкам. Але такім намёкам, што не абазначаны ні час выканання, ні канкрэтныя крокі. Таму куды прыкладаць намаганні. Я думаю, што гэта магло быць адной з асноўных тэмаў сённяшніх перамоваў.
Пры гэтым Юрась Губарэвіч пагаджаецца з заявай Святланы Ціханоўскай аб тым, што большасць, калі не ўсе дамовы з Расеяй, якія падпісаў Лукашэнка, будуць скасаваныя новым беларускім урадам.
– Я б сказаў, што яны як мінімум будуць падлягаць перагляду. Мы гаворым пра шырокае функцыянаванне двухбаковых адносінаў, у тым ліку ў эканоміцы, у нейкіх іншых сферах, экалогіі. Тут не абавязкова адмяняць усё адным скопам, але любыя дамовы, якія будуць несці пагрозу палітычнаму і эканамічнаму суверэнітэту, яны натуральна будуць падлягаць адмене.
Расейскія афіцыйныя асобы раней не раз выступалі ў падтрымку прапановы Лукашэнкі аб змене Асноўнага закона і нагадвалі пра яго словы з нагоды новых прэзідэнцкіх выбараў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя