63-гадовую пенсіянерку з Берасця 4-ы раз судзілі за акцыі пратэсту
26 лістапада суд Ленінскага раёна Берасця вынес рашэнне па адміністрацыйнай справе на падставе ч. 3 арт. 23.34 КоАП 63-гадовай Алены Гнавук.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, суд прызнаў пенсіянерку вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і аштрафаваў на 50 базавых велічынь (1.350 рублёў).
Гнавук затрымалі ў Берасці 15 лістапада на вуліцы Савецкай побач з праспектам Машэрава і да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС.
17 лістапада суд, які пачаў разгляд матэрыялаў адміністрацыйнай справы, адправіў іх на дапрацоўку ў міліцыю і прызначыў наступнае судовае пасяджэнне на 26 лістапада. Гнавук не вызвалілі з-пад варты. З ІЧУ яна выйшла на волю 20 лістапада.
Раней гэты суд тройчы выносіў пастанову ў дачыненні да жанчыны за ўдзел у акцыях пратэсту. За ўдзел у акцыі 30 жніўня пенсіянерка была аштрафаваная на 30 базавых велічынь (810 рублёў), за ўдзел у акцыі 4 кастрычніка — арыштаваная на 15 сутак, за ўдзел у акцыі 25 кастрычніка — аштрафаваная на 40 базавых велічынь (1.080 рублёў).
Кожны раз пасля затрымання жанчыну да суда змяшчалі ў ІЧУ. На дадзены час пенсіянерка адседзела ў ізалятары 27 сутак.
У прыватнасці, пакуль Гнавук адбывала адміністратыўны арышт, яе пачалі судзіць за ўдзел у акцыі 30 жніўня. Суд двойчы адпраўляў матэрыялы адміністрацыйнай справы на дапрацоўку ў міліцыю. Пенсіянерку не вызвалілі з-пад варты пасля адбыцця 15-сутачнага арышту. 22 кастрычніка суд аштрафаваў Гнавук на 30 базавых велічынь, і пасля 18 сутак у ІЧУ яна выйшла на волю.