Гародня: у месцах затрымання хвалююцца з-за каронавірусу
У гарадзенскіх месцах утрымання, дзе знаходзяцца ці знаходзіліся затрыманыя па так званаму “народнаму” артыкулу 23.34, ахоўнікі стараюцца засцерагчыся ад каронавірусу.
Распавядае грамадскі актывіст Эдвард Дмухоўскі, які выйшаў некалькі дзён таму з ІЧУ на вуліцы Гая.
– Нас затрымалі і прывезлі ў ІЧУ на Гая, трымалі ва ўнутраным дворыку. Людзям, у каго не было масак, яны раздалі маскі. Запыталі, каму трэба рукі папшыкаць. Практычна ўсім антысептыкам рукі апрацавалі. І затым, калі заводзілі ў сам ІЧУ, то там працэдура была такая ж самая. Маска, антысептык. Калі завялі ў камеру і калі выводзілі на дагляд з гэтай камеры, то перад гэтым раздалі аднаразовыя пальчаткі і абавязкова ў масках.
Па словах доктара Ігара Папеені, які некалькі дзён заходзіўся за кратамі ў гарадзенскай турме, там таксама хвалююцца, каб асуджаныя не захварэлі.
– Пэўная верагоднасць існуе, як у любой замкнёнай прасторы, у якой знаходзіцца больш аднаго чалавека. Калі ўлічваць, што гэта досыць абмежаваныя ўмовы. Хаця ў маім выпадку ўсё было досыць нарматыўна – чатыры чалавекі ў чатырохмясцовай камеры. Але ў любым выпадку замкнёная прастора – недзе два на тры метры. І калі ў першы вечар усе знаходзіліся ў масках, з мэтай бяспекі, дык ужо на другі дзень знаходзіцца ў масцы, якая годная на 3-4 гадзіны, немагчыма. На шчасце, я не захварэў. Спадзяюся, што мае суседзі па камеры таксама здаровыя. Але, канешне, такая верагоднасць існуе.
Гарадзенцы, якія трапляюць у апошні месяц за краты, канстатуюць, што захварэць на каронавірус за кратамі магчыма было ў жніўні – верасні, калі ў камеры на 4 чалавекі зганялі да 20 асуджаных.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя