За суткі ў Беларусі зарэгістраваная рэкордная колькасць выпадкаў COVID-19



За апошнія суткі ў Беларусі зарэгістраваны 1.621 новы выпадак COVID-19, што з’яўляецца рэкордам з пачатку распаўсюджвання ў краіне каронавірусу.

Памерлі восем чалавек, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруса ў Беларусі дасягнула 131.633, памерла 1.136 чалавек.

26 лістапада было афіцыйна зафіксавана 1.563 новыя інфікаваныя і дзевяць смерцяў.

Міністэрства адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 110.152 пацыенты (1.383 за апошнія суткі).

Праведзена 3.188.876 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 30.524.

27 лістапада Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з калектывам 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, дзе лечаць пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй, яшчэ раз выказаў меркаванне аб правільнасці абранага шляху барацьбы з COVID-19.

„Важна, што ўвесь свет пераканаўся, што мы тады прайшлі гэты шлях правільна. Мы гэты шлях прайшлі годна — адзіныя ў свеце”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён нагадаў, што яшчэ пры з’яўленні каронавіруса папярэджваў, што вельмі важна ў супрацьдзеянні інфекцыі не дапусціць панікі: „Галоўнае пры лячэнні гэтых хворых — гэта псіхіка. Гэта тое, пра што я вам інтуітыўна казаў у свой час, калі ў нас пачала развівацца гэтая хвароба. Паніка, псіхіка і, як я казаў, каронапсіхоз — цяпер ужо ўсё гэты тэрмін засвоілі. Вы мой пункт гледжання ведаеце, ён не змяніўся з таго часу. Ён умацаваўся, я ў сваіх перакананнях умацаваўся. Некаторыя з вас, якія, будзем казаць адкрыта, мала верылі ў тое, што я казаў, нарэшце зразумелі, што я ў нечым меў рацыю”.

Лукашэнка чарговым разам падкрэсліў, што каронавірус даўно перастаў быць толькі медыцынскай праблемай. „Гэта ўжо не проста ваша праблема, гэта ўжо палітычная, эканамічная хвароба. Калі трэба адгарадзіцца ад кагосьці — закрываюць мяжу пад выглядам кавіду, калі нехта на некага хоча націснуць палітычна — выкарыстоўваюць кавід”, — удакладніў ён.

belapan.by